Беларускі завод, які гандлюе з «ДНР», стаў партнёрам найбуйнейшага алкахолдынгу Украіны
- 15.08.2018, 16:36
Гарэлка - баевікам, вытворчыя магутнасці - Украіне.
У Беларусі пачалася ліцэнзійную вытворчасць прадукцыі найбуйнейшага ўкраінскага алкагольнага холдынгу Global Spirits. На Клімавіцкім лікёра-гарэлачным заводзе стартаваў выпуск гарэлкі «Мароша». Раней «Белсат» высветліў, што прадукцыя гэтага завода пастаўляецца ў «ДНР» і «ЛНР». І сёння беларускія вытворцы не супраць такога супрацоўніцтва.
Холдынгам валодае бізнэсовец Яўген Чарняк, які ўваходзіць у топ-100 самых багатых людзей Украіны. Ягоны капітал Forbes ацэньвае амаль на $300 млн.
Гарэлка - баевікам, вытворчыя магутнасці - Украіне
Ліцэнзію на вытворчасць у Беларусі алкагольнай прадукцыі Global Spirits атрымала беларуская кампанія «ЮніАлкаГруп» - яе асноўным партнёрам з'яўляецца холдынг «Мінск Крышталь Груп», куды ў тым ліку ўваходзіць Клімавіцкі ЛГЗ. «Хорціцу» ў Беларусі таксама плануюць выпускаць на менскім «Крышталі».
Дарэчы, у 2015 годзе Global Spirits пачаў вытворчасць «Хорціцы» на гомельскім «Радаміры» (таксама ўваходзіць у «Мінск Крышталь Груп»).
Канцэрн «Мінск Крышталь Груп» быў створаны ў 2015 годзе на асабісты загад Лукашэнкі і цяпер аб'ядноўвае 8 прадпрыемстваў. Дэ-факта - гэта манапаліст на рынку алкаголю ў Беларусі. Прадукцыя 6 з 8 заводаў канцэрна была заўважаная ў супермаркетах «ЛДНР»: Гомельскі лікёра-гарэлачны завод, Віцебскі ЛГЗ, Клімавіцкі ЛГЗ, Гарадзенскі ЛГЗ, Берасцейскі ЛГЗ і Мазырскі спіртагарэлачны завод. Летась прадстаўнік кіраўніцтва «Мінск Крышталь Груп» на ананімных умовах пацвердзіў факт наўпроставых паставак прадукцыі канцэрну сепаратыстам на Данбасе.
У траўні 2018 года афіцыйны Кіеў увёў санкцыі супраць Мазырскага спіртагарэлачнага завода. Праўда, прычыну санкцый украінскі бок не патлумачыў.
Журналісты звярнуліся да намесніка дырэктара Клімавіцкага ЛВЗ у ідэалогіі Анатоля Аляксеева, аднак той адмовіўся каментаваць супрацоўніцтва з украінскім холдынгам і параіў звярнуцца да іншых топ-мэнэджараў прадпрыемствы, якія цяпер як раз недаступныя.
На пытанне, ці пастаўляе завод сваю прадукцыю ў «ДНР» і «ЛНР», галоўны ідэолаг адказаў: «Я не ведаю».
Акрамя таго, журналісты звязаліся з аддзелам замежнаэканамічнай дзейнасці Клімавіцкага ЛВЗ пад выглядам бізнэсоўца з Данецка, які б хацеў пастаўляць беларускую прадукцыю на непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі. У гэтым выпадку адказ быў больш грунтоўны.
Прадстаўнікі завода не толькі пагадзіліся без пасярэднікаў пастаўляць сваю прадукцыю ў «ДНР», але яшчэ і паведамілі, што на гэты момант Клімавіцкі завод ужо працуе ў Данецку з ААТ «Лаверна груп», якому наўпрост адгружае гарэлку гандлёвай маркі «Сярэбраныя ключы».
Пад выглядам данецкага бізнэсоўца журналісты звярнуліся і на Гомельскі ЛГЗ «Радамір». На заводзе таксама пагадзіліся пастаўляць гарэлку ў Данецк, папрасіўшы, праўда, каб у нас былі «партнёры ў РФ з разліковым рахункам, з якога будзе вырабляцца аплата». Гэта значыць, фактычна прапанавалі працаваць праз «фірму-пракладку». Таксама на «Радаміры» паведамілі, што на гэты момант ужо працуюць з «ДНР» і нават далі кантакты сваіх партнёраў у Данецку.
Украінскі алігарх прыйшоў да беларускіх банкрутаў
Характэрна, што 16 траўня 2018 года Эканамічны суд Магілёўскай вобласці прызнаў адкрытае акцыянернае таварыства «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» банкрутам. У дачыненні да прадпрыемства распачатая працэдура санацыі тэрмінам да 15 лістапада 2019 года. Цяпер на заводзе няма гендырэктара - ёсць антыкрызісны кіраўнік.
На якіх умовах украінскі алкагольны магнат Яўген Чарняк наважыў часткова перанесці сваю вытворчасць на беларускае прадпрыемства-банкрут - невядома. На Global Spirits каментары не даюць, звязацца з Чарняком пакуль таксама не ўдалося.