Як беларуска зарабляе ёгай на Лонг-Айлендзе
- 15.08.2018, 15:33
Наша суайчынніца валодае цэлай сеткай студый.
У горадзе Рыверхедзе на Лонг-Айлендзе ў штаце Нью-Ёрк на днях адкрылася студыя хот-ёгі Solntse - ужо другая, якой валодае 28-гадовая ўраджэнка Беларусі Іна Паліфроне, піша belmir.by.
Як пішуць мясцовыя медыі, Іна жыве непадалёк, у вёсачцы Бэйтынг-Халоў. Яе муж Роберт - таксама прадпрымальнік, з'яўляецца суўладальнікам дзвюх навакольных рэстарацый пад назвай Buoy One.
Паліфроне адкрыла для сябе хот-ёгу амаль 4 гады таму праз праблемы са здароўем. Лекары дыягнаставалі ў яе фібраміялгію - сіндром хранічных цягліцавых боляў.
Беларуска выявіла, што практыкаванні і расцяжкі ў варунках падвышанай тэмпературы і вільготнасці паветра аслабляюць сімптомы, уключаючы галаўныя болі і стомленасць.
Таму ў кастрычніку 2016 года і адкрыла першую студыю хот-ёгі ў сумежнай вёсцы Уэйдзінг-Рывер - як альтэрнатыву ўстанове ў Іст-Марычэсе, куды ёй было далекавата ездзіць.
Іна стала сертыфікаваным інструктарам ёгі, а таксама абсталявала сваю студыю самай сучаснай сістэмай інфрачырвонага прамяністага нагрэву паветра.
Яе ўстанова паступова набірала папулярнасць. Каб задаволіць рост попыту, беларуска і адкрыла другую студыю ў Рыверхедзе, які трохі на захад ад Уэйдзінг-Рывера.
Невялікая адлегласць паміж двума населенымі пунктамі дазваляе ёй без доўгіх пераездаў паспяваць весці ўрокі ў абодвух месцах.
Тым не менш, выкладае ёгу ў сваіх студыях Паліфроне не адна, а прыцягвае яшчэ амаль 10 інструктараў. Кожны дзень, у тым ліку выхадныя, праходзіць да 7 урокаў, без уліку прыватных сесій.
Акрамя хот-ёгі, Solntse прапануе заняткі хатха-, віньяса- і інь-ёгай, аднаўленчай ёгай, мяккай ёгай і барэ-фітнэсам - сумессю пілатэса, ёгі, балета і практыкаванняў з лёгкімі гантэлямі.