BE RU EN

Выйшлі на волю некалькі затрыманых паводле «справы медыкаў» лекараў

  • 14.08.2018, 12:47

Расследаванне гучнай карупцыйнай справы трывае.

Расследаванне гучнай карупцыйнай «справы медыкаў» трывае, некаторых фігурантаў ужо вызвалілі з-пад варты. Як стала вядома tut.by, на волю выйшлі галоўны лекар Менскай абласной лякарні Андрэй Каралько, загадчык эндаскапічным аддзяленнем 9-й лякарні Андрэй Саўчанка і намеснік дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі Аляксандр Махлін.

- Гэта праўда, Андрэй Каралько на волі. Яго адпусцілі ў пятніцу 3 жніўня, - распавядае знаёмы лекара.

Да галоўнага лекара Менскай абласной лякарні Андрэя Каралько людзі ў цывільным прыехалі на працу 20 чэрвеня, правялі ператрус, пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі. Праваахоўныя органы справу Каралько не каментавалі, толькі 11 ліпеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык пацвердзіў: Андрэй Каралько сапраўды затрыманы, у дачыненні да яго, а таксама іншых медыкаў, распачатыя крымінальныя справы.

Са звестак кіраўніка ўстановы, лекары падазраюцца ў тым, што «атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за спрыянне ў пастаўках медабсталявання і медыцынскіх прэпаратаў завышанымі коштамі, што пацвярджаецца вынікамі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія праводзіліся працяглы час, паказаннямі сведкаў і саміх абвінавачаных, а таксама вынікамі ператрусаў і канфіскацыі». Старшыня КДБ удакладніў, што ў справе больш за 60 фігурантаў.

На сайце Менскай абласной лякарні Андрэй Каралько па-ранейшаму займае пасаду галоўнага лекара.

- Ён у нас цяпер не працуе, выконвае абавязкі галоўнага лекара Валерый Усніч, - адказалі ў прыёмнай.

Пасля вызвалення Андрэя Сцяпанавіча яго ў прыёмнай не бачылі.

Каралько не адзіны фігурант, які выйшаў на волю. З-пад варты таксама вызвалены намеснік дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі Аляксандр Махлін.

- Ён цяпер не намеснік дырэктара і не адказвае за адміністрацыйную дзейнасць. З 23 ліпеня ён звычайны дзіцячы лекар-хірург, - адказваюць у прыёмнай галоўнага лекара РНПЦ дзіцячай хірургіі.

Пасля вызвалення на працу ў 9-ю лякарню вярнуўся і загадчык эндаскапічным аддзяленнем Андрэй Саўчанка. Калі медыка затрымалі ў пачатку ліпеня, яго калегі казалі:

- А дзе наш Андрэй Васільевіч? Гэта адзіны спецыяліст у сваім родзе, больш за 30 гадоў прапрацаваў у шпіталі. У нас толькі адно пытанне: «Чаму?». І дзе цяпер Андрэй Каралько? Прайшло больш за 10 дзён з моманту яго затрымання, які ў яго статус? Таксама ніхто не каментуе. Чаму гэтых людзей нельга адпусціць пад падпіску? Яны ж паважаныя медыкі. Няхай нам растлумачаць, што адбываецца!

У лякарні пацвердзілі, што Андрэй Саўчанка працягвае працаваць, а вось затрыманы галоўны лекар Валерый Кушнярэнка ў сваё крэсла не вярнуўся.

- Валерый Сцяпанавіч не працуе, у нас ужо няма пасады галоўнага лекара, мы перайменаваныя, мы больш не 9-я клінічная лякарню, - кажуць у прыёмнай.

Сапраўды, на сайце сказана: «З 01.08.2018ўстанова аховы здароўя «9-я гарадская клінічная лякарня» перайменавана ў дзяржаўную ўстанову «Менскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі».

А вось дырэктар «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак на працы апошні час не з'яўляўся. На відэа, якое апублікавала КДБ, зафіксавана, як у яго падчас ператрусу ў гаражы знайшлі 620 тысяч даляраў. Абавязкі Шарака цяпер выконвае Сяргей Сакавец.

- Аляксандра Віктаравіча на працы няма, - выказаўся лаканічна Сакавец і параіў звярнуцца ў праваахоўныя органы.

Нагадаем, 25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў аб тым, што камітэт выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя Беларусі, затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. У іх ліку - дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнай управы аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медыцынскай управы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Пазней стала вядома пра затрыманне намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага.

Апошнія навіны