BE RU EN

«Лекар паслухала дзіця і сказала: усё добра, давайце прышчэпкі»

  • 14.08.2018, 7:38

Аповяд бацькі двухмесячнага хлопчыка, які загінуў у Ганцавічах пасля вакцынацыі.

13 жніўня ў Ганцавіцкай лякарні памёр двухмесячны Кірыл, якога брыгада хуткай прывезла з фельчарска-акушэрскага пункта. Хлопчыку стала дрэнна пасля планавых прышчэпак, паведаміў tut.by бацька дзіцяці Аляксандр.

Двухмесячны Кірыл быў малодшым дзіцем у сям'і Аляксандра і Вольгі. Старэйшаму ў гэтым годзе споўнілася пяць гадоў. Хлопчык рос здаровым і актыўным. Праблем са здароўем у яго не было.

- Яму хоць і было два месяцы ўсяго, але быў вельмі ўважлівым, любіў пасмяяцца. Рос жвавым, - распавядае бацька.

13 жніўня мама дзіцяці Вольга надумала адвезці сына на прышчэпку ў ФАП у вёсцы Вялікія Круговічы. Якія вакцыны павінны былі ўвесці Кірылу, Аляксандр дакладна не ведае. Паводле ягоных слоў, «гэта былі звычайныя планавыя прышчэпкі».

- Прыехалі, лекарка яго паслухала, сказала: «Усё добра, давайце прышчэпкі». Ну давайце. Пасля двух прышчэпак яму стала дрэнна - ён збялеў. Тады яму нешта ўкалолі. Магчыма, адрэналін, - распавёў Аляксандр.

Стан малога не палепшыўся. На месца выклікалі хуткую. Медыкі, якія прыбылі, забралі Кірыла і павезлі ў раённую лякарню ў Ганцавічах:

- У рэанімацыі ён яшчэ вочкамі міргаў. Што было далей - мы не ведаем. У аперацыйную жонку не пусцілі. Яна прасіла: «Пусціце, можа будзе дыхаць».

Нягледзячы на ўсе намаганні медыкаў, выратаваць Кірыла не ўдалося.

- Я гэта проста так не пакіну, буду скардзіцца, - падкрэсліў Аляксандр.

Абставіны смерці дзіцяці будзе высвятляць спецыяльная камісія Міністэрства аховы здароўя. У яе ўвайшлі розныя спецыялісты.

«Выкарыстанне імунабіялагічных сродкаў серыі, якія былі ўведзеныя дзіцяці, часова прыпыненае. Дакладная прычына гібелі дзіцяці будзе высвятляцца толькі пасля заканчэння працы гэтай камісіі», - паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

У гібелі дзіцяці таксама разбіраюцца следчыя, паведамляў раней афіцыйны прадстаўнік управы Следчага камітэта Берасцейскай вобласці Зміцер Іванюк. Цяпер прызначаныя неабходныя экспэртныя даследаванні, канфіскаваныя медыцынскія дакументы і прэпараты.

Галоўны лекар «Ганцавіцкай ЦРБ» Вадзім Сошка раней распавёў газеце «Ганцавiцкi час», што прышчэпку дзіцяці рабіў медработнік Агарэвіцкай амбулаторыі, які выязджаў для агляду дзяцей і працэдуры на ФАП у вёску Вялікія Круговічы.

«Мы самі ўсё ў шоку, што такое здарылася. Прышчэпкі дзецям заўсёды даюць дасведчаныя медработнікі, як таго патрабуюць нормы Міністэрства аховы здароўя. І гэтым разам прышчэпку дзіцяці даваў медработнік, які прапрацаваў 30 гадоў, і ніколі ніякіх не было нараканняў. Дзіця абсалютна здаровае было... Што здарылася - гэта павінны ўжо высветліць экспэрты», - цытуе медыка выданне.

Апошнія навіны