BE RU EN

Рада БНР заклікае даць сумесны адпор рэжыму Пуціна

  • 13.08.2018, 20:29

Менавіта пры падтрымцы Крамля Лукашэнка ўчыніў дзяржаўны пераварот.

Пра гэта Рада БНР заявіла ў сваім звароце:

- У гэтыя дні спаўняецца 10 гадоў вайне паміж Расеяй і Грузіяй у 2008 годзе.

Рада БНР канстатуе, што вайна стала вынікам замежнапалітычнай агрэсіі з боку Расеі, якая з пачатку 1990-х гадоў аказвала матэрыяльную і палітычную падтрымку сепаратысцкім утварэнням на тэрыторыі Грузіі, выкарыстоўвала свой міратворчы мандат для прыкрыцця гэтай падтрымкі і нарошчвання вайсковай сілы ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Рада БНР падкрэслівае, што Расея нясе адказнасць таксама за падрыхтоўку і непасрэднае развязанне баявых дзеянняў у жніўні 2008 года.

Рада БНР падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі ў міжнародна прызнаных межах і выказвае сваю салідарнасць з народам Грузіі, які разам з беларусамі пакутаваў ад дзесяцігоддзяў савецкае акупацыі, а пасля распаду СССР быў вымушаны супраціўляцца агрэсіўнаму рэваншызму з боку Расеі.

Рада БНР звяртае ўвагу, што вайна 2008 года стала прадвеснікам вайны ва Украіне, якую пуцінская Расея развязала ў 2014 годзе.

Замежнапалітычная агрэсія постсавецкай Расеі стала вынікам недастатковай рашучасці міжнароднай супольнасці ў рэагаванні на ўмяшанне ў справы суседніх краін з боку Расеі, а таксама недастатковай увагі міжнароднай супольнасці да працэсаў дэмакратычнай трансфармацыі ў Расеі і іншых постсавецкіх краінах з пачатку дзевяностых гадоў.

Рада БНР звяртае ўвагу, што вайне ў Грузіі папярэднічаў дзяржаўны пераварот у Беларусі ў 1995-1996 гадах, які адбыўся пры падтрымцы Расеі і прывёў да ўсталявання прарасейскага аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, адказнага за цэнзуру, фальсіфікацыю выбараў, масавыя парушэнні правоў чалавека і палітычныя рэпрэсіі, а таксама забойствы палітычных апанентаў.

Рада БНР звяртае ўвагу на тое, што пуцінская Расея працягвае ствараць пагрозу міжнароднай бяспекі і перш за ўсё суседнім краінам, у тым ліку Беларусі.

Рада БНР заклікае да міжнароднай салідарнасці і сумеснага адпору агрэсіўным дзеянням Расеі пад кіраўніцтвам рэжыму Уладзіміра Пуціна як на ўзроўні грамадзянскай супольнасці, так і на дзяржаўным узроўні.

Апошнія навіны