Вайкуле пра гастролі ў Крыме: Не паеду, які ганарар ні прапаноўвалі б
- 11.08.2018, 15:17
Латвійская спявачка адказала на пытанне пра гастролі на паўвостраве.
Пра гэта Лайма Вайкуле паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Адэсе, адказваючы на пытанне мясцовага выдання «Думская».
«Не. Нам забаронена (выступаць у Крыме – заўв.). Нам, еўрапейцам... Увогуле, я далёкая ад палітыкі, але ў дачыненні да Крыма магу сказаць адназначна – я туды не паеду, які ганарар мне ні прапаноўвалі б», – цытуе СМІ спявачку.
На пытанне, як яна ставіцца да спісаў забароненых артыстаў ва Украіне, Вайкуле заявіла, што «артысты – гэта дзеці», і калі яны патрапілі ў нейкія спісы, то толькі таму, што не разумеюць, што адбываецца.
Некаторыя з артыстаў, якія выступілі на анэксаванай тэрыторыі Крыма або выказаліся ў падтрымку расейскай анэксіі Крыма, страцілі магчымасць выступаць на мацерыковай Украіне.
Ва ўкраінскім МЗС апублікавалі зварот, у якім перасцераглі замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ад незаконных паездак у Крым.
У 2017 годзе ўкраінскія памежнікі забаранілі ўезд ва Украіну 104 замежным грамадзянам – дзеячам культуры і мастацтва, якія незаконна наведвалі Крым.