BE RU EN

Цягнік «чатырох сталіц» плануюць падоўжыць да Таліна

  • 10.08.2018, 12:37

Маршрут цягніка Кіеў - Рыга - Менск - Вільня могуць падоўжыць да сталіцы Эстоніі.

Маршрут цягніка "чатырох сталіц" Кіеў-Рыга праз Менск і Вільню, запуск якога запланаваны на 28 верасня, плануюць прадоўжыць да Таліна.

Пра гэта паведаміў начальнік дэпартамента пасажырскіх перавозак далёкага накіравання "Укрзализныци" Аляксандр Красноштан у Facebook.

Красноштан заўважыў, што эстонцы "вельмі зацікаўлены" ў падаўжэнні маршруту.

"Так, размовы ідуць, эстонцы нават трохі пакрыўдзіліся на нас, што мы першапачаткова планавалі, а потым не дацягнулі да іх. Яны вельмі зацікаўленыя. Я размаўляў з прэзідэнтам іх чыгункі. Думаю, неўзабаве дацягнемся", - напісаў Красноштан.

Ён таксама дадаў, што аўтобусам з Рыгі ў Талін можна дабрацца хутчэй, чым цягніком, аднак перамовы трываюць.

Цягнік "чатырох сталіц" з Кіева ў Рыгу праз Менск і Вільню стартуе 28 верасня з ўкраінскай сталіцы.

Мяркуецца, што кошт квітка ў купэйным вагоне ў Рыгу складзе блізу 59 еўраў, працягласць падарожжа складзе 15 гадзін з улікам праходжання межаў.

Апошнія навіны