BE RU EN

Расея і Харватыя сёння згуляюць у чвэрцьфінале ЧС-2018

  • 7.07.2018, 14:02

У суботу а 21-й гадзіне ў Сочы адбудзецца матч у рамках 1/4 фіналу ЧС у футболе паміж зборнымі Расеі і Харватыі.

Напярэдадні стала вядома, што Уладзімір Пуцін не збіраецца яго наведваць – як заявілі ў Крамлі, праз свой працоўны графік, паведамляе Радыё Свабода.

Маскоўскія ўлады абвесцілі, што пасля заканчэння матчу некалькі вуліцаў у цэнтры расейскай сталіцы будуць перакрытыя для руху транспарту і стануць пешаходнымі для правядзення гулянняў. Таксама паведамляецца, што станцыі метро, размешчаныя побач з гарадскімі фан-зонамі, зменяць рэжым працы.

Напярэдадні вечарам, больш чым за суткі да матчу, у групе нацыянальнай плацежнай сістэмы "Мір" у сацсетцы "Вконтакте" з'явілася віншаванне з перамогай Расеі ў матчы над Харватыяй. Паведамленне, якое пачынаецца з фразы "Мы ў паўфінале! Гэта нешта неверагоднае, але мы верылі, што так і будзе!", неўзабаве было выдаленае. Пасля з'яўленне "віншавання" назвалі "прагнозам на гульню".

У пятніцу стала вядома, што на чэмпіянат у футболе прыедзе прэзідэнт Францыі Эманюель Макрон, які збіраецца наведаць паўфінальны матч сваёй каманды са зборнай Бельгіі 10 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу.

Шэраг міжнародных арганізацый раней заклікалі заходніх лідараў байкатаваць чэмпіянат праз дзеянні Расеі ў Сірыі і Украіне і парушэнні правоў чалавека ў краіне. На афіцыйным узроўні чэмпіянат байкатуюць міністры брытанскага ўраду праз атручванне сям'і Скрыпалёў у Солсберы.

Апошнія навіны