BE RU EN

Мікалай Статкевіч у судзе: Я ў вашым спектаклі не ўдзельнічаю

  • 4.07.2018, 15:37

Лідар БНК дэманстратыўна пакінуў залу суда.

Суд Першамайскага раёна Менска 4 ліпеня павінен быў разгледзець адміністрацыйную справу ў дачыненні да лідара Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалая Статкевіча за заклік да ўдзелу ў акцыі 3 ліпеня. Але Статкевіч, якога прывезлі з Акрэсціна, адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе і выйшаў з залы суда.

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла ў сябе ў Facebook, што мужа пакінулі на Акрэсціна адбываць прысуджаныя яшчэ вясной 10 дзён. Раніцай, 4 ліпеня, Адамовіч напісала, што Статкевіча з ЦІП адвезлі ў суд Першамайскага раёна Менска.

«Я ў вашым ганебным спектаклі не ўдзельнічаю, першае, што я зраблю, калі выйду на свабоду, пайду туды (на бульвар Талбухіна, - рэд) з кветкамі. А цяпер вядзіце мяне ў турму», - заявіў Статкевіч у пачатку судовага працэсу і выйшаў з залы суда.

Нагадаем, Акцыя вызвалення і салідарнасці, ініцыяваная Мікалаем Статкевічам 3 ліпеня а 13.00 каля станцыі метро «Парк Чэлюскінцаў» у Менску, скончылася брутальнымі затрыманнямі.

Удзельнікі акцыі збіраліся ўскласці кветкі да помніка савецкім жаўнерам на вуліцы Талбухіна, а пасля - да мемарыяльнага крыжа ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, які знаходзіцца ў самым парку Чэлюскінцаў. Таксама ўдзельнікі акцыі збіраліся падтрымаць палітвязняў (у тым ліку фігурантаў «справы прафзвязаў») і пратэст супраць рэстарацыі ў Курапатах.

Апошнія навіны