BE RU EN

Названыя найлепшыя прадукты для падаўжэння жыцця

  • 30.07.2018, 10:11

Навукоўцы прааналізавалі звесткі 420 тысячаў чалавек, якія збіраліся цягам 16 гадоў.

Навукоўцы сцвярджаюць, што рэгулярнае ўключэнне гэтых прадуктаў у свой рацыён харчавання зніжае ўзровень высокага халестэрыну ў крыві, павышае эфектыўнасць антыдэпрэсантаў і значна скарачае верагоднасць заўчаснага скону ад цэлага шэрагу хваробаў, паведамляе healthinfo.ua.

Праведзенае ў Кітаі даследаванне, пра якое падрабязна расказаў Journal of Internal Medicine, прадэманстравала, што спажыванне прадуктаў, багатых на амега-3-поліненасычаныя тлустыя кіслоты з'яўляецца ў вялікай ступені аздараўленчым для арганізма і нават зніжае рызыку ранняй смерці. Перш чым зрабіць такую выснову, навукоўцы прааналізавалі звесткі 420 тысячаў чалавек, якія збіраліся цягам 16 гадоў.

«Мужчыны, якія спажывалі больш рыбы, у сярэднім на 10 адсоткаў радзей паміралі ад сэрцава-судзiнных захворванняў і на 37 адсоткаў радзей – ад хваробаў печані. Што тычыцца жанчынаў, то сярод тых, хто часта ўжываў рыбу, было на 38 адсоткаў менш выпадкаў смерці ад хваробы Альцгеймера», – паведамілі даследнікі ў публікацыі часопіса.

Рыба, паводле словаў навукоўцаў, гэта цудоўны ўзор харчовых крыніцаў амега-3 тлустых кіслотаў. У сакавіку гэтага года амерыканскія спецыялісты апублікавалі вынікі даследавання, якое паказала, што рэгулярнае ўжыванне рыбы паляпшае стан сэрцава-судзіннай сістэмы, а таксама зніжае рызыку развіцця рассеянага склерозу. Зробленыя імі вылічэнні паказалі, што дзякуючы рыбе верагоднасць узнікнення склерозу зніжаецца на цэлых 45%.

У той самы час, паводле звестак МедыкФорума, шэраг даследчыкаў адзначае, што спажыванне рыбы можа быць звязанае з пэўнымі рызыкамі для здароўя. Паводле словаў экспертаў, на якасці прадукту адбіваецца экалагічнае забруджванне.

Акрамя рыбы крыніцамі амега-3 з'яўляюцца льняны алей, авакада, розныя арэхі, шпінат, марскія водарасці.

Апошнія навіны