BE RU EN

Эколагі разлічылі маштабы ўплыву чалавека на Сусветны акіян

  • 28.07.2018, 13:08

На акіян уплываюць 12 тыпаў дзейнасці чалавека.

Група навукоўцаў з Аўстраліі і ЗША прааналізавала стан Сусветнага акіяна і падлічыла колькасць незакранутых чалавекам акваторый. Даследаванне апублікаванае ў часопісе Current Biology.

Паводле звестак даследавання, агульная плошча некранутых водаў складае блізу 55 млн квадратных кіламетраў – парадку 13% плошчы Сусветнага акіяна, і менш за 5% гэтых акваторый знаходзіцца пад абаронай закона.

У сваім даследаванні навукоўцы вывучылі, як на акіян уплываюць 12 тыпаў дзейнасці чалавека, у тым ліку грузаперавозкі, транспарт, рыбалоўства, скід прамысловых сцёкавых водаў і сельскагаспадарчых угнаенняў. Незакранутымі чалавекам уважаліся раёны, на якія практычна не паўплывалі як мінімум 15 чыннікаў са спісу – паказнік антрапагеннага ўздзеяння там складаў менш за 10%.

У выніку навукоўцы высветлілі, што самыя шырокія "дзікія" акваторыі знаходзяцца ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, а таксама ў Арктыцы і Антарктыцы, а іх плошча складае блізу 16 млн квадратных кіламетраў. Менш за ўсё некранутых зонаў апынулася ў водах, навакол поўдня Афрыкі.

Паводле словаў даследнікаў, такія "дзікія" зоны маюць прынцыпова важную ролю для экалогіі Зямлі, таму ўзровень разнастайнасці біялагічных відаў у іх значна вышэйшы, чым у іншых раёнах. Абарона такіх акваторый дапаможа захаваць біяразнастайнасць планеты.

Нагадаем, прыкладна 10% усёй вырабленай пластмасы апынаецца ў акіяне. Ужо ўтварыліся пяць смеццевых мораў з пластыкавых бутэлек, рыбацкіх сетак, цацак і іншых прадметаў.

Апошнія навіны