BE RU EN

Гарадзенец атрымаў медаль Брытанскай фотаасацыяцыі

  • 26.07.2018, 17:43

Яўгену Бузуку ўручылі прэстыжную фотапрэмію.

Гарадзенскі фатограф Яўген Бузук атрымаў прэстыжную фотапрэмію - медаль Брытанскай фотоасацыяцыі. Яўген - адзіны гародзенскі фатограф, які мае такую прэстыжную ўзнагароду, паведамляе «Радыё Рацыя».

Фотамайстар распавядае пра свой удзел у міжнародных конкурсах:

- Я выслаў працы на конкурс пад назвай «Дамініка». Арганізатары з Канады. І ўсё гэта пад эгідай FIAP і Брытанскай асацыяцыі. Так атрымалася, што дзве фатаграфіі з 4 дасланых атрымалі нейкія ўзнагароды. Адна атрымала бронзавы медаль, гэта не найвышэйшая ўзнагарода, а вось другое фота атрымала медаль Брытанскай асацыяцыі. Больш сур'ёзныя, чым гэты толькі медалі FIAP.

Са слоў Яўгена Бузука беларускія фатографы маюць вельмі добры ўзровень:

- Мастацкія фатаграфіі ў нас ёсць цікавыя, той жа Саша Саенка. Ён, вядома, рэпарцёр, але гэта мастацкі рэпартаж, каля якога я і блізка побач не стаяў, што называецца. Я так не ўмею. Ёсць фатографы ў камерцыйным плане досыць паспяховыя. Гэта добра, але пра сусветны ўзровень цяжка сказаць, бо цяжка параўноўваць сябе з кімсьці яшчэ. Таму я і пасылаю свае работы кудысьці далей, дзе мяне не ведаюць.

Яўген упэўнены, беларусам трэба ўдзельнічаць у розных фотаконкурсах і гэта дазволіць больш расказваць пра нашу Беларусь. І яе прыгажосць.

Апошнія навіны