BE RU EN

Спадзяюся на вашу салідарнасць

  • Генадзь Фядыніч
  • 25.07.2018, 16:23

Лідэр незалежнага прафзвязу звярнуўся да тых, каму РЭП дапамагаў.

Пра гэта Генадзь Фядыніч заявіў сайту praca-by.

- 30 ліпеня 2018 года адбудзецца першы суд у так званай справе прафзвязаў. Ён пройдзе ў Доме правасуддзя на вуліцы Сямашкі, 33.

Напярэдадні суду я хачу звярнуцца і да сябраў прафзвязу, і да неабыякавых грамадзян: прыходзьце і проста паглядзіце, што ўлада спрабуе зрабіць з незалежным прафзвязам, які ўпарта, дзень за днём, дапамагаў людзям бараніць іхнія працоўныя правы. Нездарма РЭП у народзе называюць «Рэальная Эфектыўная Дапамога».

Проста разявакам я б не раіў прыходзіць: разявак улада і сама можа нагнаць.

Мы цяпер маем патрэбу ў тых людзях, якія падзяляюць нашы вартасці. Падзяляюць нашу ўпэўненасць у тым, што ў Беларусі маюць быць незалежныя прафесійныя звязы, у якіх добра падрыхтаваныя спецыялісты абараняюць працоўныя правы работнікаў; каб людзі не мелі ніякіх сумневаў у тым, што сапраўды можна палепшыць варункі працы - нават у наш час і ў нашай няпростай сітуацыі.

Прыходзьце на суд, паслухайце і зрабіце свае высновы. Падзяліцеся гэтым з родзічамі, з калегамі і знаёмымі. Прафзвязу РЭП цяпер, як ніколі, патрэбная салідарная падтрымка.

Я спадзяюся на салідарнасць. Думаю, што прафзвяз РЭП сваёй працай гэта заслужыў.

Апошнія навіны