BE RU EN

У Гомелі абвешчаны конкурс эскізаў на шыльду ў гонар Палуты Бадуновай

  • 24.07.2018, 20:42

Iніцыятыва прымеркаваная да дня нараджэння адной са стваральніцы БНР.

У Гомелі абвешчаны конкурс эскізаў на шыльду ў гонар адной са стваральніцы Беларускай Народнай Рэспублікі Палуты Бадуновай. Гэтая ініцыятыва прымеркаваная да дня нараджэння жанчыны-палітыка, якая з’явілася на свет 7 верасня 1885 года ў гомельскім раёне Навабеліца, паведамляе «Радыё Рацыя».

Грамадскі дзеяч Уладзімір Кацора гаворыць, што ў год 100-годдзя БНР грамадскасць павінна зрабіць высілкі для ўшанавання знакамітай зямлячкі.

– Такі конкурс абвяшчаецца, пакуль зваротаў няма. Думаю, трэба больш у сацыяльных сетках папрацаваць, каб гомельская грамадскасць пра гэта больш ведала. Трэба папрацаваць з пэўнымі асобамі, якім гэтая тэма блізкая, каб яны свае варыянты прапанавалі. Гэтая праца толькі пачынаецца. Я думаю, цягам жніўня мы яе правядзем.

Палута Бадунова – міністр сацыяльнай апекі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі, чый подпіс стаіць пад трыма Устаўнымі Граматамі. У 1938 годзе яна была расстраляная ў турме НКВД у Менску, а яе асабісты архіў знішчаны. У Гомелі дагэтуль няма ані помніка, ані вуліцы ў гонар Палуты Бадуновай.

Апошнія навіны