BE RU EN

Пуціна злавілі на плагіяце

  • 21.07.2018, 19:45

Кіраўнік Крамля ў віншаванні жыхароў Гарахаўца працытаваў Вікіпедыю.

Уладзімір Пуцін у віншаванні жыхароў Гарахаўца з 850-годдзем горада працытаваў Вікіпедыю, паведамляе "Радыё Свабода".

Віншаванне апублікаванае на сайце прэзідэнта Расеі. У тэксце ёсць радок "Менавіта з Гарахавецкага павета, са сваёй вотчыны, князь Пажарскі рушыў у Ніжні Ноўгарад, каб узначаліць народнае апалчэнне 1612 года". Амаль такі самы сказ ёсць у артыкуле Вікіпедыі пра Гарахавец: "... менавіта з Гарахавецкага павета, з сваёй вотчыны князь Пажарскі рушыў у Ніжні Ноўгарад, каб узначаліць другое народнае апалчэнне 1612 года".

Апошні раз артыкул Вікіпедыі правілі 19 ліпеня. Тэкст віншавання Пуціна быў апублікаваны ў суботу раніцай. У ім гаворыцца, што Гарахавец "справядліва ўважаецца гістарычнай перлінай Расеі". Горад, на думку Пуціна, "скіраваны ў будучыню, умацоўвае свой турыстычны патэнцыял, становіцца пляцоўкай для запатрабаваных грамадскіх, асветніцкіх, культурных ініцыятыў".

Гарахавец знаходзіцца ва Уладзімірскай вобласці. У горадзе жыве блізу 13 тысячаў чалавек. Пры гэтым апошнія гады колькасць насельніцтва падае.

Апошнія навіны