BE RU EN

Жыхары берасцейскіх інтэрнатаў шакаваныя новымі рахункамі

  • 21.07.2018, 14:22

Для адных жыхароў плата вырасла амаль удвая, іншыя заплацілі прыкладна ўтрая больш, чым раней.

За чэрвень жыхарам інтэрнатаў налічылі не толькі плату за жыллёва-камунальныя паслугі, але і за карыстанне жылым памяшканнем. «Брестская газета» даведалася, на колькі вырасла аплата рахункаў трох розных берасцейскіх інтэрнатаў, якія знаходзяцца на балансе КУП «ЖРЭУ Берасця».

З 17 рублёў да 30

Берасцейка Ганна пражывае ў маленечкім пакоі інтэрната на 6,35 "квадрата", агульная плошча, якую яна аплачвае, складае 10,68 кв метра. Калі да ўвядзення платы за карыстанне жылым памяшканнем яна плаціла за асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі крыху больш за 17 рублёў, то за чэрвень сума да аплаты ў ейным рахунку павялічылася без малога да 30 рублёў. І гэта пры тым, што сума за ЖКП у яе ў сувязі з памяншэннем спажывання атрымалася на 2 з лішнім рублі меншая, чым у папярэднім месяцы.

Інтэрнат, у якім пражывае Ганна, аднеслі да першай катэгорыі, у выніку за карыстанне няпоўнымі 11 метрамі блока ёй давялося заплаціць 14,39 рубля.

«У мяне ніяк не палепшыліся ўмовы пражывання, заробак таксама не павялічыўся, - патлумачыла дзяўчына. - Таму думаю, што плаціць больш даводзіцца незразумела за што».

З 47 рублёў да 85

У Вікторыі пакой - 18 кв метраў, агульная плошча жылля – 30 метраў. За травень яна заплаціла 47 рублёў, а за чэрвень пакой у інтэрнаце першай катэгорыі каштаваў ёй 85 рублёў.

«Пры маім фактычна мінімальным заробку гэтая сума проста непад'ёмная, - наракае Віка. - Інтэрнат ў 1994 годзе атрымала ад завода, іншага жылля няма. Куды высяляцца? На вуліцу? Сваякі за трохпакаёвую кватэру плацяць менш, чым я за пакой у інтэрнаце».

Жанчына распавяла, што на тэлевізіі выступаў нейкі работнік ЖРЭУ, які пра рахункі ў інтэрнаце сказаў: «Вы арандуеце жылую плошчу ў інтэрнаце». Але дамова арэнды ўкладаецца толькі з юрыдычнай асобай, з фізічнай асобай можа быць толькі дамова найму.

«У мяне ёсць дамова найму жылога памяшкання, якую я прачытала ўздоўж і поперак, але нідзе не знайшла пункта аб тым, што з мяне могуць утрымліваць дадатковыя сумы, - здзіўляецца Вікторыя. - У адпаведнасці з ёй я абавязаная аплачваць толькі камунальныя паслугі. Камунальнік на ТВ казаў ёй пра тое, што плата за карыстанне ўведзеная, каб сабраць грошы на рамонт інтэрнатаў. Атрымліваецца, як у байцы Крылова пра «Ваўка і ягня», якое вінаватае толькі ў тым, што Ваўку хочацца есці. Тады ў мяне сустрэчнае пытанне: на якія патрэбы выдаткоўваюцца сумы, якія з жыхароў інтэрнатаў бяруць за тэхнічнае абслугоўванне і на капітальны рамонт?»

Яна дадала, што грошы паводле гэтых артыкулаў жыхары плацілі і плацяць, але пры гэтым у месцах агульнага карыстання не робіцца нічога. Усё, што выйшла са строю, жыхарам інтэрната мяняць даводзіцца за свае грошы.

З 35 рублёў да 92

Свае 42 кв метры жылой плошчы Іна атрымала шмат гадоў таму, працуючы на прадпрыемстве, якому тады гэта інтэрнат належаў. Аплачвае яна не толькі іх, але і яшчэ 11 метраў дадатковых, якія знаходзяцца па-за парогам яе жытла. Такім чынам, агульная плошча складае 53 «квадраты». Асноўныя ЖКП і дадатковая (агульная антэна на даху) каштавалі летам менш за 35 рублёў. З чэрвеня да гэтай сумы дадалася плата за карыстанне жылым памяшканнем, у выніку плата за інтэрнат перавысіла 90 рублёў і склала блізу траціны заробку Іны.

«Больш за 20 гадоў жыву ў інтэрнаце, які жыхары называюць «кашары», бо яму ў абед 100 гадоў, - не хавала эмоцый Іна. - Вядома, за гэты час у самім жытле за ўласныя грошы я зрабіла добры рамонт. Бо жыццё ж праходзіць, а хочацца жыць у нармальных умовах. А ў нашым інтэрнаце на агульных кухнях дапатопныя электрапліты, зламаныя вентылі ў ракавінах не мяняюцца гадамі, душавыя з іржавымі «гусаком», аблупленыя сцены на лесвічных пляцоўках. Між іншым, мы ўсе гэтыя «выгоды» з 2002 года, калі ўвялі тэхабслугоўванне, аплачваем дадаткова. Калі за гэты час што і змянялася ў месцах агульнага карыстання, то толькі па дробязях».

Апошнія навіны