BE RU EN

Стала вядома, каго выправяць служыць у ІТ-роту

  • 20.07.2018, 15:12

Рота інфармацыйных тэхналогій стане адмысловым падраздзяленнем УC на базе Ваеннай акадэміі.

20 ліпеня ў Ваеннай акадэміі прайшла сустрэча, прысвечаная «роце інфармацыйных тэхналогій». На яе прыйшлі прадстаўнікі беларускай арміі і больш за 100 супрацоўнікаў кампаній-рэзідэнтаў ПВТ. На мерапрыемстве агучылі падрабязнасці пра новае падраздзяленне Узброеных сілаў, піша tut.by.

Служыць у ІТ-роце змогуць маладыя людзі, якім у адпаведнасці з заканадаўствам трэба будзе праходзіць тэрміновую вайсковую службу. Пры гэтым туды трапяць толькі тыя, у каго ёсць вышэйшая тэхнічная адукацыя ў ІТ-спецыяльнасці. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле для журналістаў, які падрыхтавалі арганізатары сустрэчы.

"Неабходна браць да ўвагі, што сучасная вайна – гэта высокаінтэлектуальная зброя. Гэта шырокае выкарыстанне навукаёмістых і ІТ-тэхналогій, – гаворыцца ў паведамленні. – Інтэлектуальны патэнцыял Рэспублікі Беларусь велізарны. Гэты патэнцыял шмат у чым ствараецца таксама маладымі людзьмі, якія працуюць у сферы інфармацыйных тэхналогій і маюць вышэйшую адукацыю ў ІТ-спецыяльнасці. Цалкам натуральна, што гэтая катэгорыя грамадзянаў можа быць задзейнічаная ў інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы».

Рота інфармацыйных тэхналогій стане адмысловым падраздзяленнем Узброеных сілаў на базе Ваеннай акадэміі. Яе мэта – «распрацоўка праграмнага забеспячэння, спецыяльных і прыкладных праграмаў супольна з падраздзяленнямі Ваеннай акадэміі, а таксама іншымі навуковымі і навучальнымі падраздзяленнямі».

«Задачы вайскоўцаў новага падраздзялення будуць звязаныя перш за ўсё з матэматычным абгрунтаваннем праектаў і непасрэднай вытворчасцю праграмнага прадукту. Для працы спецыялістам будзе прапанаванае самае сучаснае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне», – гаворыцца ў дакуменце.

Апошнія навіны