Цукерберг: У Facebook ёсць довады ўмяшання РФ у выбары ЗША
- 19.07.2018, 21:15
Facebook ведаў аб умяшанні РФ у амерыканскія выбары з 2015 года.
Заснавальнік Facebook Марк Цукерберг заявіў, што ў яго кампаніі ёсць довады ўмяшання Расеі ў выбары прэзідэнта Амерыкі ў 2016 годзе.
Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю выданню Recode, паведамляе epravda.com.
«Звесткі, якія маюцца ў нашым распараджэнні, досыць ясна паказваюць на тое, што расейцы сапраўды спрабавалі паўплываць на выбары», - сказаў Цукерберг.
«Мы выявілі гэта ў сярэдзіне 2015 года і паінфармавалі ФБР. Потым мы бачылі такую ж актыўнасць у 2016 годзе і ідэнтыфікавалі некаторых з гэтых людзей», - дадаў ён.
Са слоў Цукерберга, падчас выбараў яны таксама атрымлівалі некаторую інфармацыю ад ФБР, якая дапамагла зразумець агульную карціну.
«Вы можаце ўбачыць яе ў дакуменце пракурора Роберта Мюлера, выпушчаным на мінулым тыдні. Гэта - частка нашых знаходак», - пракаментаваў ён.
Раней ЗША выставіла абвінавачванні 12 магчымым расейскім выведнікам. Са слоў пракурора Мюлера, гаворка ідзе пра супрацоўнікаў ГРУ.
Паводле версіі следства, абвінавачаныя ўзломвалі кампутары камітэтаў Дэмакратычнай партыі ЗША і перадвыбарчага штаба Хілары Клінтан.