BE RU EN

Гішпанія адклікала ордар на арышт экс-кіраўніка Каталоніі Пучдэмона

  • 19.07.2018, 17:55

Накіраваны ў Нямеччыну праз Еўрапол ордар ануляваны.

Вярхоўны суд Гішпаніі прыняў пастанову адмовіцца ад міжнароднага ордара на арышт і экстрадыцыю былога лідара Каталоніі Карлеса Пучдэмона, паведамляе «Немецкая волна».

Сябра Вярхоўнага суда (ВС) Гішпаніі Пабла Льярэна наважыў у чацвер, 19 ліпеня, ануляваць накіраваны раней у Нямеччыну праз Еўрапол ордар на арышт і экстрадыцыю Карлеса Пучдэмона. Былы прэм'ер Каталоніі абвінавачваецца ў Гішпаніі ў мяцяжы, растраце дзяржаўных сродкаў і іншых правапарушэннях, за якія яму пагражае агулам да 50 гадоў турмы. Разам з тым, Льярэна пакінуў у сіле ўнутрыгішпанскі ордар, па якім Пучдэмон у выпадку перасячэння мяжы краіны павінен быць неадкладна арыштаваны.

Як адзначаецца ў заяве ВС, пастанова Льярэны матываваная тым, што 12 ліпеня суд нямецкай федэральнай зямлі Шлезвіг-Гальштэйн прызнаў дапушчальнай экстрадыцыю Карлеса Пучдэмона ў Гішпанію толькі паводле артыкула аб растраце дзяржаўных сродкаў. У той жа час суд пастанавіў, што Нямеччына не можа экстрадаваць палітыка паводле абвінавачвання ў мяцяжы, бо такога складу злачынства няма ў нямецкім крымінальным кодэксе. Каталонец, які хаваўся ад гішпанскага правасуддзя, быў затрыманы паводле ордара Гішпаніі ў Нямеччыне 25 сакавіка.

Апошнія навіны