BE RU EN

«Рамантаваў BMW жонкі пад выглядам рабочай Geely»

  • 19.07.2018, 17:51

У Менску судзяць гендырэктара «ДорОрса».

Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска пачалі разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да гендырэктара ААТ «ДорОрс» Аляксандра Казлова. Яго абвінавачваюць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, піша tut.by.

Гендырэктара і галоўнага інжынера «ДорОрс», які кантралюе амаль увесь раздробны гандаль у раёне чыгуначнага вакзала і больш чым на 99% належыць дзяржаве, затрымалі ў кастрычніку 2017 года.

Паводле звестак следства, службовыя асобы з чэрвеня 2016 г. да кастрычніка 2017 года за кошт прадпрыемства рамантавалі на СТА свае аўто і аўто блізкіх: BMW 525, BMW Х5, Volkswagen Passat B6 і Chevrolet Cruze. У бухгалтэрыю ж падаваліся загадзя падробленыя дакументы аб выкананых работах нібыта ў службовых аўто «ДорОрс» на агульную суму больш за 11,8 тысячы рублёў. Атрыманыя довады датычнасці абвінавачаных да дзевяці аналагічных фактаў.

Галоўны інжынер Аляксей Крупкевіч хадайнічаў аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці. Матэрыялы ў дачыненні да яго вылучаныя ў асобную вытворчасць. Генеральны дырэктар Аляксандр Казлоў сваю віну не прызнаў, і сёння ён на лаве падсудных.

Яго дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 210 (Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, паўторна, групай асоб на папярэднюю змову). Гэты склад уваходзіць у спіс карупцыйных злачынстваў. Санкцыя - абмежаванне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў.

Працэс вядзе суддзя Віталь Сямёнаў. Бок абвінавачвання прадстаўляе старэйшы пракурор пракуратуры Менска Алена Крупеніна. Інтарэсы Аляксандра Казлова прадстаўляе адвакат Аляксей Швакаў.

Як патлумачыў у судзе Казлоў, раней ён да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Пад вартай знаходзіцца з 25 кастрычніка 2017 года.

Як стала вядома на пасяджэнні, Казлоў падаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, у сувязі з чым было пададзенае хадайніцтва аб вяртанні крымінальнай справы пракурору. Але суд адмовіў, бо ў заканадаўстве няма такой падставы для вяртання справы пракурору пасля накіравання матэрыялаў справы ў суд.

Пасля гэтага пракурор агучыла абвінавачванне. Згодна з ім аўто рамантаваліся на адным і тым жа СТА, з дырэктарам якога ў галоўнага інжынера «былі даверныя дачыненні».

Фармальна схема выглядала так: Крупкевіч на даручэнне Казлова адпраўляе патрэбнае аўто на СТА, там яго рамантуюць, а дырэктар СТА ўказвае ў дакументах, што рамонт выраблены ў аўто «ДорОрс». Далей бухгалтэрыя прадпрыемства (не ведаючы пра сутнасць схемы) праводзіць аплату.

Як вынікае з абвінавачвання, пад выглядам рамонтаў у рабочай Geеly SC-7 былі адрамантаваны BMW 525 (2005 года выпуску) жонкі Казлова, Volkswagen Passat B6 (2007 года выпуску) Крупкевіча і BMW X5 (2011 года выпуску) роднай сястры Казлова. Акрамя таго, аўто жонкі гендырэктара, з якой ён цяпер разведзены, рамантавалася пад выглядам рабочага Volkswagen Transporter і Audi Q5, а аўто дачкі сужыцелькі галоўнага інжынера Chevrolet Cruze - пад выглядам рабочага Volkswagen Passat B6.

Такім чынам, згодна з абвінавачаннем, група службовых асоб паўторна і на папярэднюю змову завалодала шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі маёмасцю ААТ «ДорОрс».

Аляксандр Казлоў не прызнаў віну і сказаў, што ён не ўчыняў гэтыя злачынствы ні па адным з эпізодаў.

На думку пракурора, віна абвінавачанага цалкам пацвярджаецца паказаннямі сведак, дадзенымі падчас папярэдняга расследавання, пісьмовымі матэрыяламі справы і іншымі довадамі. Алена Крупеніна прапанавала дапытаць абвінавачанага, а потым сведак.

Але адвакат і абвінавачаны папрасілі пачаць з допыту сведак, бо Казлоў не прызнае віну. Суд пастанавіў пайсці гэтым шляхам. Таму спачатку дапытаюць сведак, вывучаць пісьмовыя матэрыялы крымінальнай справы і толькі пасля гэтага пачнуць допыты гендырэктара «ДорОрс».

Апошнія навіны