BE RU EN

Forbes назваў самыя дарагія спартовыя клубы свету

  • 18.07.2018, 20:29

Самым дарагім спартовым клубам свету прызнаны прадстаўнік амерыканскага футболу.

Рост папулярнасці футболу ва ўсім свеце на фоне прамінулага ў Расеі чэмпіянату свету дапамог «Манчэстэр Юнайтэд» і мадрыдскаму «Рэалу» ўвайсці ў першую тройку, паводле рэйтынгу Forbes, самых дарагіх спартовых клубаў свету. Кошт «Манчэстэр Юнайтэд» за год, паводле ацэнкі Forbes, вырас на $433 млн (плюс 12%), а «Рэала» – на $510 млн (плюс 14%).

Такі хуткі рост дапамог гэтым футбольным клубам і «Барселоне», якая падаражэла на $424 млн, або 12%, да $4,064 млрд, пацясніць самую дарагую бейсбольную каманду свету New York Yankees. У параўнанні з мінулым годам тая падаражэла на $300 млн, аднак адкацілася з другога адразу на пятае месца ў рэйтынгу, паведамляе РБК.

Самым дарагім спартовым клубам свету, аднак, застаўся прадстаўнік амерыканскага футболу – клуб Dallas Cowboys з горада Арлінгтан, штат Тэхас. На першае месца ён, пазбавіўшы лідарства «Рэал», выйшаў у 2016 годзе і з тых часоў умацоўвае свае пазіцыі, падаражэў за два гады на $800 млн. Паводле ацэнкі Forbes, клуб каштуе цяпер $4,8 млрд, гэта значыць на $600 млн больш, чым год таму.

У справаздачы Forbes адзначаецца, што выручка ($840 млн) і дападаткавы прыбытак ($350 млн) Dallas Cowboys вышэйшыя, чым у любой іншай спартовай каманды. Сярэдні прыбытак топ-50 камандаў, паводле Forbes, паводле вынікаў мінулага года ацэнены на $103 млн.

Самым дарагім баскетбольным клубам у свеце, паводле ацэнкі Forbes, з'яўляецца New York Knickerbockers, кошт якога на $300 млн перавышае кошт Los Angeles Lakers – $3,6 млрд супраць $3,3 млрд. З гэтымі вынікамі клубы занялі 7-е і 8-е месца ў рэйтынгу адпаведна.

Прадстаўнікі Нацыянальнай хакейнай лігі зноў не здолелі прарвацца ў топ-50, ды і ўвогуле ні адзін іншы від спорту, акрамя футболу, амерыканскага футболу, бейсболу і баскетболу, у рэйтынг самых дарагіх спартовых клубаў свету сёлета не трапіў. Больш за палову чальцоў рэйтынгу (29 з 50) складаюць каманды амерыканскага футболу, у той час як прадстаўнікоў еўрапейскага сокеру ў топ-50 толькі сем (у рэйтынг таксама ўвайшлі «Баварыя», «Манчэстэр Сіці», «Арсенал» і «Чэлсі»). Акрамя таго, у топ-50 увайшлі восем баскетбольных клубаў і шэсць бейсбольных камандаў.

Мінімальны кошт клуба, неабходны для трапляння ў топ-50, склаў у 2018 годзе $1,95 млрд. Менавіта столькі, паводле ацэнкі Forbes, каштуе цяпер амерыканскі футбольны клуб Cleveland Browns. Усяго ж у свеце, паводле звестак Forbes, цяпер налічваецца 106 спартовых клубаў коштам больш як $1 млрд кожны, што на 19 больш, чым летась.

Апошнія навіны