BE RU EN

Валюта «Роснефти» асядзе на Захадзе

  • 17.07.2018, 18:39

Паблажкі для Ігара Сечына абернуцца новым ударам па расейскім рублі.

Услед за скупкай валюты на дадатковыя нафтагазавыя даходы бюджэту ўлады РФ падрыхтавалі новыя меры ў абмежаванні даступнасці даляраў і еўращ на рынку.

Найбуйнейшы пастаўшчык замежнай валюты ў Расею з штогадовым даходам больш за 60 млрд даляраў - «Роснефть» - будзе вызвалены ад абавязку пералічваць экспартны даход на расейскія рахункі, паведамляе finanz.ru.

Адпаведныя папраўкі, што прынятыя Дзярждумай РФ на мінулым тыдні, пазбавяць рынак штогадовай прапановы на некалькі дзясяткаў мільярдаў даляраў і аслабяць рубель да мінімумаў за 2 гады, папярэджвае ў аглядзе ў аўторак Райффайзенбанк.

Абавязак рэпатрыяваць валютны даход быў дырэктыўна накладзены на найбуйнейшых дзяржаўных экспарцёраў у 2014 годзе - «Роснефти», «Газпрому», «Зарубежнефти», «Алросе» і «Кристаллу» было даручана пералічваць сродкі на валютныя або рублёвыя рахункі ў РФ, каб падтрымаць рынак у перыяд абвальнага падзення рубля.

Да гэтага практыка была зваротнай: значныя аб'ёмы сыравіннага даходу заставаліся за мяжой, не даходзячы да эканомікі, а вываз капіталу часам перавышаў прыток валюты па бягучых рахунках і аплачваўся рэзервамі ЦБ.

Так, напрыклад, у 2013 годзе з краіны было выведзена 46 млрд даляраў, хоць сальда рахунку гэтых аперацый склала толькі 35 млрд. Розніцу давялося аплаціць Цэнтрабанку, прадаючы запасы з ЗВР паводле правілаў валютнага калідора.

Прынятыя Думай папраўкі адраджаюць магчымасць такой практыкі для кампаній, якія трапілі пад санкцыі Захаду са спасылкай на тое, што ім патрэбна валюта для інвестыцый у імпартнае абсталяванне, куплі замежных актываў і выплачвання запазычанасці.

Фактычна са спісу дзяржаўных экспарцёраў паблажкі атрымае толькі «Роснефть», адзначае Райффайзенбанк: астатнія кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі.

Для валютнага рынку гэта стане ўдарам: ён недаатрымае ад 25,7 да 64,3 млрд даляраў, якія «Роснефть» вымушана канвертаваць у рублі, бо рублёвых прыбыткаў ёй не стае, каб аплаціць усе выдаткі ўнутры Расеі. На рубель ужо ціснуць інтэрвенцыі Міністэрства фінансаў, якое за год купіць ад 70 да 75 млрд даляраў, выключыўшы з эканомікі тры чвэрці ўсёй свабоднай валюты (у выглядзе прафіцыту аплатнага балансу). Скасаванне патрабаванняў для «Раснафты» яшчэ больш узмоцніць дэфіцыт валюты на рынку і прывядзе да прыкметнага паслаблення рубля - раўнаважны курс даляра падымецца вышэй за 65, прагназуе Райффайзенбанк.

Апошнія навіны