BE RU EN

Расейскі мільярдэр фінансаваў пратэсты супраць перайменавання Македоніі

  • 17.07.2018, 17:59

Журналісты-следчыя выйшлі на расейскага бізнэсоўца, які пражывае ў Грэцыі.

Цэнтр расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) сцвярджае, што расейскі мільярдэр Іван Савідзі фінансаваў дэманстрацыі праціўнікаў перайменавання Македоніі, паведамляе «Новое время».

Журналісты-следчыя даведаліся, што расеец, які пражывае ў Грэцыі, пералічыў македонскім актывістам і арганізацыям, якія выступаюць супраць змены назвы краіны, не менш як 300 тысяч еўраў.

Паводле звестак OCCRP, грошы былі выплачаныя македонскім палітыкам з розных партый, сябрам нядаўна заснаваных радыкальных нацыяналістычных арганізацый і футбольным хуліганам з клуба Вардара, якія ўдзельнічалі ў нядаўніх беспарадках у Скоп'е. Адзін з затрыманых падчас акцыі пратэсту хуліганаў пацвердзіў журналістам, што яго група атрымала грошы ад Савідзі.

Іван Савідзі, таксама вядомы як Савідзіс, з'яўляецца адным з самых багатых бізнэсоўцаў Расеі. Яго багацце, паводле папярэдніх звестак, ацэньваецца ў два мільярды даляраў. Пасля пераезду ў Грэцыю ў сярэдзіне 2000-х гадоў ён набыў грэцкі футбольны клуб ПАОК і шэраг СМІ.

Нагадаем, што ў чэрвені Македонія і Грэцыя падпісалі гістарычнае пагадненне, згодна з якім Македонія зменіць сваю назву на Паўночную Македонію. Узамен Афіны разблакавалі перамовы аб далучэнні Македоніі да NATO і да Еўрапейскага Звязу. На ліпеньскім саміце ў Брусэлі лідары краін-сябраў NATO афіцыйна запрасілі Македонію пачаць перамовы аб сяброўстве ў Паўночнаатлантычным альянсе.

Масква выступае супраць пашырэння NATO і выкарыстоўвае розныя формы ўплыву, каб не дапусціць далучэння ўсходнееўрапейскіх краін да Альянсу.

Апошнія навіны