BE RU EN

Трэнер нацыянальнай каманды Расеі перапыніў інтэрв'ю Spiegel пасля пытання пра допінг

  • 15.07.2018, 16:42

Станіслаў Чарчэсаў заявіў, што падазрэнні ва ўжыванні допінгу расейскімі футбалістамі «нічога не даводзяць».

Галоўны трэнер нацыянальнай каманды Расеі ў футболе Станіслаў Чарчэсаў перапыніў інтэрв'ю пасля пытання аб магчымым ужыванні допінгу расейскімі футбалістамі і пагадзіўся працягваць гутарку на ўмове, што ён будзе казаць толькі аб працы са сваёй камандай. Пра гэта піша нямецкі часопіс Spiegel, які гутарыў з расейскім трэнерам, паведамляе gordonua.com.

Чарчэсава спыталі, як ён ставіцца да падазрэння ў дачыненні да нацыянальнай каманды РФ на фоне допінгавага скандалу ў расейскім спорце.

«Расею не цікавіць, што вы думаеце. Мяне цікавяць мая праца, маё бачанне, мой інтэлект, мае мэты і ўсё. Мой прынцып такі: мэты могуць быць дасягнутыя толькі законнымі сродкамі. У расейскім футболе няма ніводнага выпадку допінгу», - адказаў трэнер.

Ён папрасіў прывесці хоць бы адзін прыклад выкарыстання допінгу расейскім футбалістам. Журналісты нагадалі пра паўабаронцу футбольнага клуба «Рубін» Руслана Камбалава, які знаходзіцца ў спісе падазрэнняў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва.

«Хіба ён не можа быць у спісе падазрэнняў? Гэта нічога не даводзіць! Пытайце мяне аб тым, што пацверджанае фактамі, тады я дам адказ», - падкрэсліў Чарчэсаў.

7 лютага 2018 года віцэ-прэм'ер РФ Віталь Мутко паведаміў, што ФІФА западозрыла ва ўжыванні допінгу двух расейскіх гульцоў. З ягоных слоў, ФІФА запрасіла ў Расейскага футбольнага саюза (РФС) інфармацыю аб 11 спартоўцах, але расследаванне пачалі толькі ў дачыненні да паўабаронцы казанскага «Рубіна» Руслана Камбалава і абаронцы екацярынбургскага «Урала» Івана Князева.

7 ліпеня журналіст Хаё Зепельт у артыкуле для выдання Sportschau напісаў, што ФІФА не дапусціла Сусветнае антыдопінгавае агенцтва да допінг-кантролю на чэмпіянаце свету 2018 у Расеі, узяўшы на сябе тэставанне, транспартаванне і аналіз узораў спартоўцаў.

Апошнія навіны