BE RU EN

Стала вядомая чэмпіёнка Уімблдона 2018

  • 14.07.2018, 20:38

Тэнісістка падолела ў фінале турніру Серэну Уільямс.

Дзясятая ракетка свету Анжэліка Кербер стала пераможцай Уімблдона-2018 у жаночым адзіночным разрадзе, у фінале перамогшы амерыканку Серэну Уільямс, якая займае на гэты момант 181-е месца ў сусветным рэйтынгу, піша «Новое время».

Немка атрымала перамогу ў двух сэтах з лікам 6:3, 6:3. Кербер у гэтым матчы чатыры разы ўзяла падачу амерыканкі, саступіўшы толькі адзін гейм на сваёй падачы.

Кербер здабыла трэці тытул на турнірах Вялікага Шлема ў кар'еры. У 2016 годзе немка перамагла на Australian Open і US Open. У тым жа сезоне Кербер гуляла ў фінале Уімблдона, але тады саступіла ў фінале Серэне Уільямс. Кербер стала першай немкай пасля Штэфі Граф, якая перамагла на Уімблдоне. Апошнім разам Граф перамагала на травяным мэйджары ў 1996 годзе.

Для Серэны Уільямс гэта быў 30-ы фінал у кар'еры на турнірах Вялікага шлема. На яе рахунку 23 тытулы, сем з якіх былі здабытыя як раз на Уімблдоне.

На наступным тыдні Кербер стане чацвёртай ракеткай свету, а Серэна Уільямс падымецца на 28-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Практычна ўвесь мінулы і пачатак цяперашняга сезону Серэна Уільямс прапусціла праз нараджэнне дачкі Алексіс Алімпіі, якая з'явілася на свет у пачатку верасня 2017 года.

У фінале мужчынскага адзіночнага разраду Уімблдона 2018 згуляюць серб Новак Джокавіч і паўднёваафрыканец Кевін Андэрсан, які адыграў самы доўгі паўфінал у гісторыі турніру супраць амерыканца Джона Ізнера.

Апошнія навіны