Адпачынак па-беларуску: самыя папулярныя кірункі
- 14.07.2018, 9:40
Турцыя і Балгарыя – лідары ў папулярнасці.
«Салідарнасць» распытала эксперта ў сферы турызму Лілію Кобзік пра турыстычныя вынікі першай паловы лета.
Пра складанасці сезону
– Для арганізаванага турызму гэтае лета выдалася не вельмі простым. З аднаго боку, уплывае гэтая скандальная сітуацыя (гісторыя вакол кампаніі «Наталі Турс»). З іншага, рынак самастойнага турызму моцна зваблівае кліентаў ад пакетных тураў. Вядома, нельга сказаць, што ўсе раптам пераключыліся на вылеты лоўкост. Але такая тэндэнцыя ёсць, – дзеліцца Лілія Кобзік.
Паводле словаў суразмоўцы, у пачатку лета на піку папулярнасці ў беларусаў былі вылеты на курорты з Кіева. Праўда, складанасці з вылетам дзвюх украінскіх авіякампаній крыху пагоршылі рэпутацыю гэтага кірунку.
– Думаю, гэта такое супадзенне абставінаў, праз якое чартарныя рэйсы з Менска загружаныя не так, як гэтага хацелася б і як было запланавана, – падкрэсліла суразмоўца.
Турцыя і Балгарыя – лідары ў папулярнасці
Якія кірункі ў пачатку лета былі самымі папулярнымі ў беларусаў?
Турцыя паказвае добрыя вынікі, Балгарыя папулярная. І тая ж Грэцыя, асабліва Крыт, на які ў нас былі гарачыя і вельмі танныя прапановы, – апавяла Лілія Кобзік. – Турыстычны рынак стаў вельмі разнастайны: хтосьці ляціць лоўкост, хтосьці – рэгулярнымі рэйсамі, з суседніх краінаў. Кожны год дадае ў аб'ёме мясцовы рынак вылетаў.
Багацейшымі не сталі
На думку эксперта, нельга сказаць, што беларусы сталі менш ездзіць адпачываць, хоць грошай у іх, відавочна, не дадалося:
– Так, мы бачым, што росту заробкаў не адбылося, беларусы не сталі багацейшымі. Але і ездзіць адпачываць яны не перасталі. Проста з'явілася больш прапановаў з боку турфірмаў. Некаторыя кірункі, магчыма, і аселі сёлета, але ў гэтага могуць быць аб'ектыўныя прычыны:
– Нашы людзі пачалі выкарыстоўваць значна больш кірункаў. Акрамя таго, Турцыя сёлета прадэманстравала саракаадсоткавы рост і, магчыма, звабіла на сябе частку адпачывальнікаў.
Пятніца 13-га
Часам на настроі кліентаў турфірмаў уплывае дата ў календары:
– Аператары скардзяцца, што некаторыя даты асабліва моцна падгараюць. Напрыклад, адзін дзень гарыць, а другі перапоўнены заяўкамі. Вось і цяпер была пятніца 13-га, і ў тую ж Чарнагорыю ды іншыя курортныя краіны ў гэты дзень людзі туры не бяруць. А ў сезон кожны дзень мае значэнне.