BE RU EN

Ці прымусіць Лукашэнка амбасадараў гандляваць трактарамі?

  • 13.07.2018, 9:33

Беларускаму МЗС навязваюць дзіўныя функцыі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі папярэджвае аб новай крызіснай хвалі ва ўсім свеце.

- Розныя канфліктныя сітуацыі эканамічнага і гандлёвага плана, санкцыі, контрсанкцыі ўжо прыводзяць да істотных змен на сусветных рынках, - заявіў учора першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.

Учора стала вядома аб тым, што Лукашэнка загадаў адклікаць беларускіх амбасадараў, якія не справіліся з планавымі паказчыкамі экспарту. Сітуацыю для zautra.by каментуе эканаміст Леў Марголін.

Экспэрт мяркуе, што цяпер амаль усе беларускія экспарцёры маюць патрэбу ў падтрымцы. Выключэнне складаюць хіба што гандляры прыроднымі рэсурсамі: нафтай, нафтапрадуктамі ды калійнымі ўгнаеннямі.

- Самы час з боку дзяржавы надаць дапамогу айчыннаму машынабудаванню, бо яго прадукцыя састарэла. Няма прарыўных тэхналогій, таму беларускія тавары паступова страчваюць расейскі рынак, - падкрэслівае экспэрт.

Паводле ягоных слоў, аптымальным варыянтам быў бы пошук беларускім прадпрыемствамі больш эфектыўных уласнікаў.

- Але ўлады на гэта не пойдуць, а будуць карыстацца праверанымі прыёмамі: кулуарныя дамоўленасці з расейскімі кіраўнікамі, - мяркуе эканаміст.

Эксперт нагадвае, што Лукашэнка ў свой час асабіста даў указанне ўсім амбасадарам: быць праваднікамі беларускай прадукцыі ў тых краінах, дзе працуюць. А нядаўна правадыр дзяржавы загадаў адклікаць паслоў, якія слаба нарасцілі экспарт. Аднак падтрымліваць экспарцёраў, асабліва на заходнім кірунку нашым амбасадарам вельмі складана.

- Магчыма, будзе чарговая напампоўка, чарговае ўказанне амбасадарам, чыя праца, ацэньваецца не толькі ў міждзяржаўных дачыненнях, але і паводле колькасці прададзеных трактароў, - падкрэслівае аналітык.

Ён мяркуе, што Міністэрству замежных спраў загадаюць распачаць палітычныя крокі для падтрымкі экспарцёраў.

- Калі б гаворка ішла пра фінансавую дапамогу, гэта было б звязана не з МЗС. Замежнапалітычнае ведамства мае грошы толькі для сваёй дзейнасці. Ніякіх лішніх грошай для падтрымкі экспарцёраў у іх няма, - падкрэслівае Леў Марголін.

Апошнія навіны