BE RU EN

«Было вашае - стала нашае»

  • 13.07.2018, 8:51

У Беларусі - чарговы прыватызацыйны скандал.

Лукашэнка забірае на карысць дзяржавы Аршанскі авіярамонтны завод, кантрольны пакет якога належыць украінскай карпарацыі «Матор Січ». Пра гэта правадыр заявіў напярэдадні, а сёння прэзідэнт украінскай кампаніі распавёў «Белсату», што ён пра гэта думае.

Стварыць беларускі верталёт з украінскім рухавіком. Чатыры гады таму Аляксандр Лукашэнка агучыў намер ажыццявіць гэты амбітны план на Аршанскім авіярамонтным заводзе, набытым украінскаю кампаніяй «Матор Січ». У выніку, аднак, улады цяпер са скандалам зварочваюць гэты інвестыцыйны праект.

Прычынаю незадаволенасці ўладаў стаўся цяжкі фінансавы стан прадпрыемства, невялікі абʼём замоваў і нізкія заробкі працаўнікоў.

«Уласніка тут больш няма. Уласнікі – вы. Усе ўласнікі, якія тут былі, – махляры, яны адмовіліся самі ад гэтага заводу. Таму – дзейце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сёння», – загадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прадпрыемства «Матор Січ», народны дэпутат Украіны Вячаслаў Багуслаеў, які выкупіў аршанскі актыў у 2012-ым годзе, у тэлефоннай размове з «Белсатам» заявіў, што на вяртанне заводу ён пагадзіўся. Што праўда, не дзяржаве, а неназванай іншай прыватнай кампаніі.

«Я дамову падпісаў. Нармальная дамова. А з боку Беларусі хто будзе падпісваць – я не ведаю. Напэўна, ваш фонд маёмасці. Я не ведаю. Мне паставілі ўмову, каб я прадаў, я падпісаў дамову і адправіў. Ніякага гвалту, ніякага адбору не было», – запэўнівае прэзідэнт «Матор Січ» Вячаслаў Багуслаеў.

Прычынаю няўдачы інвестыцыйнага праекту Вячаслаў Багуслаеў называе розныя бачанні бізнесу са сваім партнёрам па Аршанскім заводзе – беларускаю кампаніяй «Сістэмы інвестыцыяў і інавацыяў», якой належала і пакуль яшчэ належыць амаль 40 % актыву. Летась кіраўнік гэтай кампаніі – былы дырэктар «Белтэхэкспарту» Аляксандр Садавы, падаў на ўкраінскіх партнёраў заяву ў пракуратуру. Тады ёй ходу не далі. Але гэтаю вясною праверку зладзілі паўторна і абвесцілі пра шэраг выяўленых парушэнняў, у прыватнасці – невыкананне інвестыцыйнай дамовы. Багуслаеў сцвярджае, што інвеставаў у завод нават больш, чымся ад яго патрабавалася, а 35-цімільённы доўг прадпрыемства – гэта, паводле яго, міф.

«Гэты доўг – унутры холдынгу. Таму ніякага доўгу ў Воршы няма перад намі. Ніякага. І мы запісалі ў дамову, што мы не прэтэндуем. Гэта нашыя інвестыцыі. Апрача банку, там, дзе яны ўзялі крэдыт на цякучыя справы, на заробкі, яны вінныя банку беларускаму», – кажа Вячаслаў Багуслаеў.

У красавіку ўлады Беларусі не выпусцілі з Воршы ва Украіну прыватны самалёт Багуслаева, і ён быў вымушаны вяртацца звычайным рэйсам. Паводле крыніцаў парталу «Тут.бай», улады пакінулі яго самалёт у якасці закладу, каб ён хутчэй з’явіўся ў Менск на перамовы пра вяртанне Аршанскага заводу. Багуслаеў жа сказаў нам, што насамрэч ягоны самалёт не ўзляцеў з тэхнічных прычынаў, і цяпер яму яго вярнулі. Адзін з былых саўладальнікаў беларускай фабрыкі «Камунарка» Сяргей Скрабец, які некалі зазнаў гвалтоўную рэпрыватызацыю, адзначае падабенства гэтай сітуацыі са сваёй і не да канца верыць заявам украінскага інвестара пра палюбоўны выхад з праекту.

«Наколькі я ведаю, украінскі бок, яго прымусілі развітацца са сваймі грашыма, з інвестыцыямі, якія ўкладзеныя былі ў гэты завод», – распавядае былы саўладальнік «Камунаркі» Сяргей Скрабец.

На думку апытаных намі аналітыкаў, інвестыцыйны праект праваліўся праз перашкоды на расейскім рынку. У прыватнасці праз імклівае развіццё тамтэйшай праграмы імпартазамяшчэння ды рэзкае зварочванне супрацы паміж Масквой і Кіевам.

«Калі Расея сябе так паводзіць, не пастаўляючы нам камплектавальныя для верталётаў для рамонтнай базы, значыць, трэба ствараць свае», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Аршанскі авіярамонтны завод спецыялізуецца на рамонце і мадэрнізацыі верталётаў. Сёння ён рамантуе прыблізна па 10 адзінак тэхнікі за год. «Матор Січ» – адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў авіяцыйных рухавікоў – збіраўся з часам павялічыць вытворчасць у Воршы ў 10 разоў. На думку бальшыні апытаных намі гульцоў рынку, завод быў, хутчэй, сканфіскаваны, чымся выкуплены. Гэта магло зэканоміць мільёны долараў наступнаму пакупніку, але можа каштаваць краіне мільярды долараў адпалоханых інвестыцыяў.

Апошнія навіны