Беларусы масава едуць працаваць у Польшчу
- 12.07.2018, 10:17
Усяго за тры гады працоўная міграцыя з Беларусі ў суседнюю Польшчу вырасла аж у 10 разоў.
Не толькі на ўсход, але і на Захад. Беларусы ўсё часцей едуць на заробкі ў суседнюю Польшчу, паведамляе «Белсат». Усяго за тры гады працоўная міграцыя з Беларусі ў гэтую краіну вырасла аж у 10 разоў. Дзе працуюць нашы суайчыннікі і чаму яны масава паехалі за Буг?
Аўтавакзал Варшава Заходняя - менавіта ён становіцца брамай у Польшчу для дзясяткаў тысяч работнікаў з постсавецкіх краін. Пераважна гэта ўкраінцы. Але беларусаў прыязджае ўсё больш.
За шэсць месяцаў гэтага года Польшча выдала беларусам больш за 200 тысяч віз. З іх кожная дзясятая выдадзеная з рабочымі мэтамі.
Аднак лепш працоўную міграцыю адлюстроўвае колькасць заяў аб намеры працаўладкаваць замежніка. Гэты дакумент польскія фірмы абавязаныя высылаць у міністэрства працы і памежныя службы.
За апошнія тры гады польскія прадпрыемствы сталі наймаць беларусаў у 10 разоў часцей:
2014 - 4,02 тысячы
2015 - 5,6 тысячы
2016 - 23 тысячы
2017 - 58 тысячы
Беларусы ўжо працуюць у кожнай дзясятай буйной польскай фірме. Яны зарэкамендавалі сябе настолькі добра, што некаторыя шукаюць менавіта беларусаў.
«Сярод беларусаў, несумненна, больш кваліфікаваных работнікаў. Гэта людзі, якія маюць досвед і хочуць больш зарабляць - бо ўмеюць больш за іншых», - адзначае Томаш Будыньскі з фірмы «Pracownicy.info».
Статыстыка сведчыць, што тыповы беларускі работнік у Польшчы - гэта мужчына ва ўзросце ад 26 да 40 гадоў, будаўнік, кіроўца або офісны працаўнік.
Сферы, у якіх працуюць беларусы ў Польшчы:
Паслугі для бізнэсу - 32%
Будаўніцтва - 27%
Транспарт - 15%
Прамысловасць - 13%
«Паколькі Польшча, як і Варшава, будуецца вельмі высокімі тэмпамі, то на будоўлю цяпер самыя актуальныя вакансіі і самы вялікі попыт. І самы вялікі заробак плацяць, натуральна, у гэтай сферы», - заўважае Эдуард Пяркоўскі з фірмы «Pracownicy.info».
Як кажуць экспэрты, часцей за ўсё на сезонныя працы ў Польшчу едуць жыхары Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. У апошнія гады заробкі ў многіх рэгіёнах упалі да $150-200. У суседняй краіне беларусы могуць разлічваць на суму, мінімум у чатыры разы большую.
Як кажуць экспэрты, расце не толькі сезонная працоўная міграцыя. Назіраецца ўцечка мазгоў і прадпрымальніцкага таленту. Усё больш беларусаў закрывае свае малыя фірмы на Радзіме і разам з сем'ямі пераязджае ў Польшчу - не на нейкі час, а назаўсёды.