BE RU EN

Што распавядаў пра карупцыю былы намеснік Жарко да свайго затрымання

  • 11.07.2018, 16:36

Ігар Ласіцкі выступаў за жорсткае пакаранне лекараў, якія прымаюць падарункі.

TUT.BY і «Ежедневник» паведамілі пра затрыманне намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага. Ён кантраляваў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і правядзенне дзяржзакупаў.

UDF.BY распавядае пра цікавыя факты з ягонай біяграфіі.

Брат узначальваў паліклініку і медцэнтр «Віямед»

Ігар Ласіцкі вырас у сям'і медыкаў. Бацькі былі лекарамі, абедзве бабулі - медсёстрамі. Ягоны брат у другой палове 2000-х і напачатку 2010-х узначальваў у Менску 31-ю паліклініку. А затым стаў дырэктарам медыцынскага цэнтра «Віямед».

Быў начальнікам Жарко

Мяркуючы з інтэрв'ю Ігара Ласіцкага, ён нарадзіўся ў Менску, але затым разам з бацькамі перабраўся ў Берасце. У 34 гады ён стаў галоўны лекарам Берасцейскай дзіцячай абласной лякарні. Цікава, што ў 2001-2003 гадах ягоным намеснікам працаваў Васіль Жарко. Праз дзесяць гадоў Ласіцкі стане намеснікам міністра аховы здароўя Жарко.

Выказаўся супраць ідэі віцэ-прэм'ера

Адзін час у Беларусі шырока абмяркоўвалася прапанова Анатоля Тозіка ўвесці сімвалічную плату за візіт да лекараў, каб перамагчы ў паліклініках чэргі з тых, хто ходзіць туды ад няма чаго рабіць. Але намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі не пабаяўся выступіць катэгарычным праціўнікам гэтай ідэі.

«Як гэта зрабіць? Паставіць турнікеты, як у метро? Але я не магу каментаваць словы віцэ-прэм'ера, гэта ягоныя думкі. Што тычыцца мяне, то я - супраць. Гэта не той шлях, якім трэба ісці», - заявіў намеснік міністра.

Выступаў за жорсткае пакаранне лекараў, якія прымаюць падарункі

Яшчэ на пасадзе начальніка ўправы аховы здароўя Берасцейскага аблвыканкама, Ігар Ласіцкі ў інтэрв'ю «Вечернему Бресту» выказаў сваё меркаванне аб парастках карупцыі.

«Калі доктар за чай і цукеркі развязвае пытанні шпіталізацыі або пераводу ў палату, такога доктара трэба звальняць - гэта мая пазіцыя», - адрэзаў чыноўнік.

Крытыкаваў працэдуру дзяржзакупаў

Пасля прызначэння на пасаду намесніка міністра Ігар Ласіцкі так абмаляваў сваё кола паўнамоцтваў: «Фінансы, будоўлі, платныя паслугі». Ён меркаваў, што цалкам гатовы да гэтай працы: «У мяне пяцігадовы досвед начальніка ўправы (аблвыканкама) - вось мая вышэйшая эканамічная адукацыя».

Праз паўтара года пасля знаходжання чыноўніка на новай пасадзе «Медицинский вестник» апублікаваў ягоныя крытычныя заўвагі аб працэдуры дзяржзакупаў. Ігар Ласіцкі адзначаў: падчас закупаў, арганізаваных установамі аховы здароўя, былі дапушчаныя шматлікія парушэнні ў працэсе выбару пераможцы. У першую чаргу - адсутнасць неабходных ліцэнзій і сертыфікатаў, якія пацвярджаюць права займацца дзейнасцю, якая з'яўляецца прадметам закупаў.

Чыноўнік таксама заявіў аб адсутнасці важнага крытэрыю ацэнкі адпаведнасці паслуг - перыядычнасці тэхнічнага абслугоўвання - што таксама адбіваецца на кошце.

Расхвальваў сваю дзейнасць падчас дзяржзакупаў

Упершыню аб буйной схеме махінацый пры закупах медтэхнікі за бюджэтныя грошы МУС паведаміла ў канцы лютага гэтага года. Адзначалася, што кошт абсталявання завышаўся ў некалькі разоў, у асобных выпадках - да 14.

Невядома, ці ведаў Ласіцкі аб немінучай буры, але за некалькі тыдняў да гэтага на пасяджэнні калегіі Міністэрства аховы здароўя ён выступіў з дакладам, дзе распавёў пра поспехі міністэрства пры правядзенні дзяржзакупаў.

Вось некаторыя ягоныя тэзісы.

- У выніку дапрацоўкі і аптымізацыі тэхнічных характарыстык дарагога абсталявання ўдалося істотна знізіць кошт закупаў.

- На сталай аснове праводзяцца перамовы аб зніжэнні коштаў з вытворцамі і патэнцыяльнымі пастаўшчыкамі. Толькі за 2017 год праведзена больш за 380 перамоваў. У выніку такіх мерапрыемстваў дасягнутае значнае зніжэнне коштаў.

- Усяго паводле вынікаў праведзеных працэдур дзяржзакупаў лекавых сродкаў і лячэбнага харчавання за 2017 год дасягнутае агульнае зніжэнне на суму 69,6 млн рублёў.

- Відавочна прасочваецца станоўчая дынаміка: эканомія бюджэтных сродкаў паводле вынікаў праведзеных працэдур дзяржаўных закупаў склала ў 2016 годзе 51,5 рублёў.

Як бачым, Ігара Ласіцкага ад увагі сілавікоў гэтыя лічбы не збераглі.

Апошнія навіны