BE RU EN

Дзіўныя факты пра Лукашэнку, якія Магілёў ведаў перад самымі першымі выбарамі

  • 11.07.2018, 15:47

Шмат хто ў краіне не ведаюць пра гэта дагэтуль.

10 ліпеня 1994 года адбыўся другі тур першых у гісторыі Беларусі выбараў прэзідэнта. Краіну ўзначаліў дырэктар саўгаса «Гарадзец» са Шклоўскага раёна, дэпутат Лукашэнка. Другое месца, паводле афіцыйных звестак, заняў старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч.

Выбары ўвайшлі ў гісторыю Беларусі як адзіныя прызнаныя дэмакратычнымі. Усе астатнія выбарчыя кампаніі праходзілі ўжо пад поўным патранажам Лукашэнкі і кіраўніцы Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Магілёў і вобласць былі асабліва важнымі для Лукашэнкі - тут знаходзілася ягонае месца працы, сям'я і асноўны электарат. Нядзіўна, што ў 1994 годзе тут адбываліся падзеі і гаварыліся словы, якія у 2018 здзіўляюць, піша «Могилевская весна».

Лукашэнка запэўніваў, што не хоча быць прэзідэнтам

Калісьці ў Беларусі ніякага прэзідэнта краіны не было. Многія жыхары бачылі ў гэтым прычыну беднасці і разрухі.

На гэтым фоне з'явіліся размовы аб увядзенні ў краіне пасады прэзідэнта. Вярхоўны Савет вызначыў зрабіць гэта адначасова з прыняццем новай Канстытуцыі - 15 сакавіка 1994 года. Да гэтай даты канкрэтыкі не было. Больш за тое, не было дакладна вядома, ці сапраўды з'явіцца гэтая пасада.

У пачатку студзеня 1994 года Лукашэнка даў інтэрв'ю газеце «Вестник Могилева». Журналіст пацікавіўся ў яго, ці «праўдзівыя чуткі, што Аляксандр Рыгоравіч рвецца ў прэзідэнты». На гэта Лукашэнка рэзка адказаў, што ўсе гэтыя чуткі - «спробы злоснікаў абпляваць і дыскрэдытаваць яго».

Праўда крыху пазней, падчас ужо згаданай сустрэчы ў машынабудаўнічым інстытуце, Лукашэнка заявіў, што краіне «тэрмінова патрэбны прэзідэнт».

- Калектыўная безадказнасць больш прадаўжацца не можа, - як адрэзаў будучы дыктатар.

Адчуваў страх перад першымі выбарамі, як перад першай пасяўной у саўгасе

У траўні 94-га года Лукашэнка даў вялікую прэс-канферэнцыю для магілёўскіх журналістаў. Там ён заявіў, што вакол яго ствараюць інфармацыйны вакуум, каб ён толькі не стаў прэзідэнтам.

Ён сказаў, што «ўсведамляе, куды лезе і адчувае пэўны страх, як калісьці перад першай пасяўной у саўгасе». Праўда, «крэсла прэзідэнта нікому б не саступіў».

Кебіч папярэджваў магілёўцаў аб магчымых рэпрэсіях з боку Лукашэнкі

Стаўленне да старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча, нягледзячы на магутную адміністрацыйную падтрымку, у насельніцтва было прахалоднае. Яго не любілі за тое, што ён раздаваў шмат абяцанняў, але пры гэтым Беларусь усё больш паўзла ў галечу.

Нягледзячы на гэта, Кебіч планаваў перамагчы на выбарах, а сярод сваіх канкурэнтаў бачыў Лукашэнку і Пазняка.

Падчас візіту ў Магілёўскі раён за тры тыдні да першага туру выбараў, Кебіч заявіў, што калі прэзідэнтам стане Зянон Пазняк, то «яму і іншым камуністам адразу давядзецца шукаць сабе палітычны прытулак».

Лукашэнку старшыня Саўміна абвінаваціў у несумленнай гульні:

«Я маю звесткі, што на Лукашэнку можа быць зладжанае ілжывая спроба замаху, каб народ яго пашкадаваў і выбраў. Калі Лукашэнка пераможа на выбарах, то ён можа пачаць з вяртання ў 37 год», - распавёў Кебіч «Могилевской весне».

Трэба сказаць, што нумар газеты са словамі Кебіча выйшаў 11 чэрвеня, а 16 чэрвеня на Лукашэнку сапраўды быў учынены замах, які следства прызнала інсцэніроўкай. Сам Лукашэнка заявіў, што на следства цісне адміністрацыя Кебіча.

Апошнія навіны