BE RU EN

Лукашэнка прапанаваў «Міс Беларусь 2018» узначаліць калгас

  • 10.07.2018, 21:48

Дзяўчына заявіла, што гатовая паспрабаваць сябе ў сельскай гаспадарцы.

Пераможца нацыянальнага конкурсу «Міс Беларусь - 2018» Марыя Васілевіч была заўважаная побач з Аляксандрам Лукашэнкам падчас наведвання калгаса «Радзіма» ў Бялынічах, паведамляе «Белсат».

Як паведамляе БелТА, 10 лiпеня Марыя Васілевіч прысутнічала на мясцовым свяце ў аграгарадку Вішоў, дзе ўшаноўвалі работнікаў сельскагаспадарчага кааператыва. Што яна там рабіла - дзяржаўныя СМІ не ўдакладняюць. Гэты аграгарадок сёння наведаў і Лукашэнка.

Наведваючы музей калгаса «Радзіма», Лукашэнка прапанаваў Марыі Васілевіч прысесці за стол першага старшыні гаспадаркі і жартам выказаў здагадку, што, магчыма, ёй давядзецца ўзначаліць сельскагаспадарчае прадпрыемства.

Пазней дзяўчына заявіла журналістам, што калі Лукашэнка казаў сур'ёзна, і прапанова будзе ў дзеянні, то яна гатовая паспрабаваць сябе ў сельскай гаспадарцы, а спачатку ёй неабходна адпрацаваць двухгадовы кантракт па месцы сваёй цяперашняй працы.

Фінал конкурсу «Міс Беларусь 2018» 4 траўня прайшоў у Палацы рэспублікі ў Менску. Перамагла 20-гадовая Марыя Васілевіч. Сёлета дзяўчына скончыла БДЭУ. За фіналам конкурсу традыцыйна назіраў Лукашэнка.

Апошнія навіны