BE RU EN

Ці ёсць у беларусаў шанец атрымаць «Оскар»?

  • 10.07.2018, 15:40

Увесь мінулы тыдзень беларусы абмяркоўвалі сенсацыйную навіну.

Упершыню за шмат гадоў наша краіна вылучыла сваю стужку на атрыманне прэміі «Оскар» амерыканскай кінаакадэміі.

Оскараўскі камітэт з'явіўся ў Беларусі яшчэ ў 1990 гадах. У 1994 г мы вылучалі на «Оскар» фільм «Я - Іван, ты - Абрам» Іяланды Зоберман, а ў 1996 г - фільм «З пекла ў пекла» Дзмітрыя Астрахана. Але неўзабаве справы заглухлі на цэлых 15 гадоў: паводле правіл «Оскара» нацыянальны камітэт перапыняе дзейнасць, калі цягам 5 гадоў краіна нічога не выстаўляе на прэмію, піша «БелГазета».

І вось напярэдадні лёд крануўся. На атрыманне ўзнагароды ў катэгорыі «Найлепшы замежны фільм» сёлета мы выстаўляем драматычную камедыю «Хрусталь» Дар'і Жук, якая нарадзілася ў Менску, але вучылася і жыве ў ЗША. Стужка створаная ў супольнай вытворчасці кінакампаній Беларусі, ЗША, Нямеччыны і Расеі. Над фільмам працавала міжнародная здымачная група, здымкі яго цалкам праходзілі ў нашай краіне. Галоўныя ролі ў стужцы выканалі Аліна Насібуліна, вядомая па крымінальнай камедыі «Як Віцька Часнок вёз Лёху Штыра ў дом інвалідаў», Іван Мулін з серыяла «Маладзёжка», а таксама актрыса тэатра ім. Янкі Купалы Святлана Анікей.

Дзеянне фільма адбываецца ў 90-я гады ў беларускай глыбінцы. Маладая дзяўчына-дыджэй марыць з'ехаць у ЗША, але робіць памылку ў заяве на візу. Цяпер яна вымушаная правесці тыдзень у невялікім завадскім мястэчку, каб не пазбавіцца шанцу на выкананне «амерыканскай мары». У фільме паказаная панарама жыцця 90-х: моладзевыя падпольныя рэйвы, стыхійныя рынкі, мары моладзі пра эміграцыю і жыццё застылай у часе правінцыі. Карацей, усё як у нашы дні. Ну, ці амаль усё.

Апошнія навіны