BE RU EN

У Баранавічах прадаўжаецца барацьба за адкрыццё беларускага класа

  • 7.06.2018, 12:51

Бацькі дзяцей-першакласнікаў у школах атрымліваюць гатовыя заявы, дзе ўжо напісана пра навучанне на расейскай мове.

У Баранавічах чыноўнікі ўпарта не згаджаюцца адкрываць беларускі клас у гімназіі №4. Апошнім часам яны паставілі бацькам умовы стварыць клас з 24 чалавек, тады ім знойдзецца месца ў гімназіі. Але старшыня баранавіцкага «Таварыства беларускай мовы» Мікола Падгайскі мяркуе, што такое стаўленне – дыскрымінацыя. Як ён апавёў «Радыё Рацыя»:

– У мяне шмат доказаў таго, што беларускія людзі і ўвогуле беларушчына ў нас дыскрымінуюцца. У мяне ёсць апошнія лічбы перапісу насельніцтва: у Баранавічах 22,5 тысячы людзей, якія гавораць па-беларуску, а 81,3 тысяча насельніцтва горада Баранавічы прызналі роднай мовай – беларускую. Калі яны прызнаюць роднай мовай беларускую, то чаму іх дзяцей не вучыць па-беларуску?

Паводле словаў Міколы Падгайскага, чыноўнікі нават не вядуць размовы пра навучанне на беларускай мове. Бацькі дзяцей-першакласнікаў у школах атрымліваюць гатовыя заявы, дзе ўжо напісана пра навучанне на расейскай мове, а бацькам прапануецца ўставіць толькі прозвішча вучня.

12 траўня ў гімназіі адбудзецца сход бацькоў-першакласнікаў, на якім бацькі беларускага класа будуць абараняць сваё права на навучанне ў гэтай установе сваіх дзяцей па-беларуску.

Апошнія навіны