BE RU EN

Кабякоў хоча стварыць у Манголіі малочны кластар

  • 4.06.2018, 17:21

У Менск прыбыў з візітам кіраўнік МЗС Манголіі.

Беларусь можа стварыць першы ў Манголіі малочны кластар, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Манголіі Дамдзіны Цогтбаатарам, піша interfax.by.

"З улікам увагі, якая надаецца ўрадамі нашых краін развіццю сельскай гаспадаркі, вялікія перспектывы мае ўзаемадзеянне ў галіне раслінаводства, жывёлагадоўлі, ветэрынарыі.

Цяпер мы вывучаем магчымасць рэалізацыі комплекснага праекта для стварэння беларускім бокам першага ў Манголіі малочнага кластара", - сказаў А.Кабякоў.

З ягоных слоў, рэспубліка гатовая падзяліцца з Манголіяй сучаснымі тэхналогіямі ў перапрацоўцы, захоўванні і вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Акрамя таго, працягнуў прэм'ер-міністр, Беларусь зацікаўленая ў нарошчванні паставак у Манголію сельскагаспадарчай і спецыяльнай тэхнікі, а таксама пасажырскіх аўтобусаў, камунальнай тэхнікі, абсталявання і тэхналогій.

Агулам са слоў А.Кабякова, Беларусь надае асаблівую ўвагу развіццю стасункаў з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну і разглядае Манголію ў якасці перспектыўнага партнёра.

"Відавочна, што ў Беларусі і Манголіі яшчэ шмат нявыкарыстаных магчымасцяў для супрацоўніцтва, і задача ўрадаў абедзвюх дзяржаў - не выпусціць гэтыя магчымасці, стварыць умовы для іх увасаблення ў канкрэтныя ўзаемавыгадныя эканамічныя праекты. Мы гатовыя да абмеркавання ўсіх накірункаў супрацоўніцтва", - падсумаваў прэм'ер-міністр.

Апошнія навіны