BE RU EN

У Расеі да ЧС 2018 выпусцілі бутэлькі з вадой, якія могуць выклікаць пажар на стадыёнах

  • 3.06.2018, 14:39

Бутэлька факусуе прамяні сонца, як лупа.

Спецыяльна да чэмпіянату свету 2018 года ў Расеі пачалі прадаваць ваду ў бутэльках у форме футбольнага мяча, якая пры траплянні сонечных прамянёў можа выклікаць пажар. Аб гэтым піша газета "Фонтанка".

Пра інцыдэнт з шарападобнай бутэлькай вады «Святая крыніца» газеце распавялі чытачы, у якіх праз пастаўленую на падлогу ў офісе бутэльку пачаў дыміцца ламінат.

У рэдакцыі правялі эксперымент, які паказаў, што менш чым за хвіліну пастаўленая побач бутэлька з вадой «падпаліла» паперу і пачак запалак. Для запуску працэсу патрэбныя толькі зыркае сонца і выпадковасць.

Апытаныя «Фонтанкой» экспэрты-фізікі распавялі, што абраная вытворцам форма бутэлькі ўяўляе з сябе «ідэальную» сферычную лінзу, таму найбольш вогненебяспечная.

Пры сертыфікацыі форма пластыкавай бутэлькі не рэгламентуецца, таму вытворца не парушыў стандартаў. Прадстаўнік кампаніі - вытворцы пластыкавай тары «ПЭТ-Індустрыя СПб» Леў Касімаў адзначыў, што шарападобныя бутэлькі рэдка вырабляюць толькі таму, што яны нязручныя пры транспартаванні і займаюць шмат месца.

У кампаніі-вытворцы IDS Borjomi не паведамілі пра колькасць выпушчаных бутэлек, аднак адзначылі, што ўпакоўка шарападобнага фармату адпавядае ўсім міжнародным і расейскім нормам і стандартам. А на этыкетцы з вадой гаворыцца, што яе трэба захоўваць «у сухім цёмным праветраным памяшканні».

Апошнія навіны