У Маладзечне мужчына страляў па людзях каля царквы
- 3.06.2018, 11:08
Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 1 на 2 чэрвеня.
У міліцыю паведамілі пра тое, што п'яны мужчына страляе з пнеўматычнай вінтоўкі па людзях каля царквы на вуліцы Скарыны. Той, хто тэлефанаваў папрасіў нарад да месца здарэння і паклаў слухаўку, распавялі kraj.by ў аддзеле крымінальнага вышуку.
Праз пару хвілін з гэтага ж нумара мабільнага тэлефона ў дзяжурную службу РАУС патэлефанаваў мужчына. Ён распавёў, што ў яго забралі вінтоўку і збілі.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі і даставілі ў міліцыю чалавека, які тэлефанаваў. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, ён знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення.
Паводле храналогіі падзей міліцыянты мяркуюць, што мужчына стаў страляць, відавочцы яго абясшкодзілі і забралі вінтоўку.
Міліцыя шукае відавочцаў інцыдэнту. Грамадзяне, якія забралі пнеўматыку ў стралка, не панясуць адказнасці. Вінтоўку неабходна здаць у РАУС.