BE RU EN

Уладзімір Някляеў: Які сэнс гуляцца з такім рэжымам?

  • 28.06.2018, 15:04

Дыктатар не здольны арганізаваць абарону Беларусі.

26 чэрвеня ў Брусэлі адбылося пасяджэнне рабочай групы аб Беларусі ў рамках 7-й сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранэст). Што казалі пра Беларусь у час мерапрыемства - сайт Сharter97.org спытаў у аднаго з удзельнікаў, паэта і прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзіміра Някляева:

- Апошнім часам у ЕС з'явілася тэндэнцыя на кансервацыю рэжыму Лукашэнкі. Гэта, безумоўна, не звязанае з тым, што хтосьці на Захадзе палюбіў беларускага дыктатара і бачыць перспектыву ўнутраных зменаў у краіне.

Такія тэндэнцыі звязаныя з палітычнай і эканамічнай сітуацыяй у краінах Еўропы. Яна, на жаль, пагаршаецца. Захад думае пра тое, як сябе вылечыць і захаваць бяспеку і стабільнасць для сваіх грамадзян. Еўрачыноўнікі павінны добра выглядаць перад сваімі выбаршчыкамі.

Аднак, як я разумею, з'явіліся і лабісцкія тэндэнцыі. Яны, у нейкай ступені, выявіліся ў выступах прадстаўнікоў Еўракамісіі, Еўрапейскага парламента, Сусветнага банка. Безумоўна, усе кажуць пра тое, што ў Беларусі ёсць праблемы з правамі чалавека, ёсць рэпрэсіі, ёсць ціск на СМІ, успаміналася і блакаванне сайта Сharter97.org. Але тут жа пачыналі казаць, што сітуацыя ў Беларусі не безнадзейная і калі правільна падыходзіць да справы, то можна ўсё выправіць, працуючы з гэтым рэжымам.

Калі я выступаў, то назваў такую палітыку «перацягваннем ліны». З аднаго боку, Беларусь цягне ЕЗ, а з другога - Расея. Я мяркую, што гэтая тэза абсалютна памылковая, бо размова ідзе пра будучыню Беларусі, а не пра будучыню рэжыму. Дзе будзе наша краіна, ці будзе яна свабоднай, дэмакратычнай, альбо яна ператворыцца ў калонію Масквы.

Па-іншаму быць не можа. Давайце ўспомнім словы Лукашэнкі, які казаў пра тое, што нам давядзецца ў гэтую самую Расею нейкім чынам уступаць.

Які сэнс гуляцца з такім рэжымам? Ён не здольны арганізаваць абарону ад імперскіх амбіцый Крамля, ды і не збіраецца. Еўрачыноўнікі апелююць да таго, што ўжо пачалі гэтую палітыку, не будуць жа яе спыняць.

Я ім адказваю, што не трэба спыняць, ніхто не кажа, што не трэба размаўляць, але вы перасталі дапамагаць беларускаму грамадству і дэмакратычным сілам. Цяпер Еўропа павярнулася тварам да рэжыму Лукашэнкі.

Да ўсяго гэтага пачалося і адбельванне рэжыму Лукашэнкі. Беларускія чыноўнікі ўжо крычаць, што іх пачалі прызнаваць на Захадзе, з намі сустракаюцца на самым высокім узроўні – значыць, усё ў нас добра. А гэта вядзе да таго, што ўсе злачынствы, якія гэты рэжым учыняў цягам амаль чвэрці стагоддзя, сыходзяць у нябыт.

Чаму я дагэтуль займаюся апазіцыйнай палітыкай? Ды таму што ідзе знішчэнне Беларусі. Для мяне, у першую чаргу, рэжым Лукашэнкі знішчае Беларусь, нашу мову, культуру і самасвядомасць. І ніякіх зменаў і імкненняў да пераменаў я не бачу. А ўсе спробы ўмацаваць дзейную ўладу - гэта праца супраць будучыні Беларусі.

Кожны дзень знаходжання рэжыму ва ўладзе адбірае ў нашай будучыні адзін дзень.

- Захад мяркуе, што дапамагаючы Лукашэнку, выбірае найменшае зло, спадзеючыся, што ён зможа захаваць незалежнасць Беларусі і ля межаў ЕЗ не з'явяцца расейскія войскі. Як вы думаеце, ці можа Лукашэнка быць гарантам нашай незалежнасці?

- Існуе заканамернасць, з дапамогай якой вельмі лёгка пралічыць наступныя крокі. Не будзем браць глабальную геапалітыку. Возьмем двух чалавек: Лукашэнку і Пуціна. І хай яны не знаходзяцца ва ўладзе. Калі яны знаходзяцца ў аднолькавых варунках, калі ў аднаго перад іншым няма ніякіх запазычанасцяў, вядомых адзін аднаму брыдкіх учынках, тады можна разлічваць на тое, што яны будуць знаходзіцца на роўных.

Але калі ў аднаго вялікая перавага, калі адзін карміў другога, даваў магчымасць красці грошы, утойваў злачынствы, якія ён учыняў, то гэта азначае, што той, хто карміўся, знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад таго, хто ўсё гэта яму дазваляў.

І нікуды з гэтай сітуацыі ні ў крымінальным, ні ў звычайным, чалавечым свеце, не падзецца.

Не трэба было Лукашэнку аслабляць свае чалавечыя і маральныя пазіцыі. Менавіта на гэтую прычыну Лукашэнка заспяваў пра тое, што мы ўсе знаходзімся на фронце, у нас тут вайна і калі мы саступім, то давядзецца ўваходзіць у склад Расеі.

Усе мы ведаем, што ў Лукашэнкі, праз асаблівасці ягонай псіхалогіі, ёсць такая штуковіна, што пасля вялікіх эмацыйных перажыванняў ён прагаворваецца пра сутнасць таго, што было раней.

Вось прыехаў Пуцін у Менск, абмяняліся яны з Лукашэнкам даволі метафарычна падарункамі.

Беларускі дыктатар падарыў карціну з расійскім пейзажам, успамінаючы, што калісьці хацеў стаць царом у Крамлі. А Пуцін падарыў яму глобус, кажучы, што хоча кіраваць не толькі Расеяй, але і ўсім светам.

Пасля сустрэчы было сказана некалькі слоў для дзяржаўных СМІ, што ўсё добра ў нашых стасунках. А размова была пра тое, пра што прагаварыўся Лукашэнка.

З размовы атрымліваецца, што наўпрост было сказана і пра расейскія базы на тэрыторыі Беларусі, я пра гэта ведаю абсалютна дакладна, бо мне пра гэта паведаміла адна крыніца з Масквы.

Расея прыняла пастанову паставіць комплексы СПА на заходняй мяжы. Вядома, Лукашэнку гэта не падабаецца. Гэта азначае поўны правал распачатай Макеем палітыкі на збліжэнне з Еўропай. У Лукашэнкі не вытрымалі нервы і ён пра гэта прагаварыўся.

Але пытанне ў тым, як ён будзе абараняць гэтую краіну і сябе. Як абараніць сябе - можа і прыдумае, а абараніць краіну, якая знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад чалавека, які вядзе з табой супрацьстаянне - я з цяжкасцю ўяўляю. Ёсць памылкі, якія пераследуюць чалавека ўсё ягонае жыццё. На жаль, драма аднаго чалавека, становіцца трагедыяй усяго народа. Вось вынік амаль чвэрцьвекавой працы Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка.

Апошнія навіны