BE RU EN

Дзевяць краін ЕЗ створаць корпус хуткага рэагавання

  • 25.06.2018, 14:22

Агульнаеўрапейскія сілы змогуць браць удзел у развязанні вострых праблем ва ўсім свеце.

Дзевяць краін-чальцоў ЕЗ у панядзелак маюць намер падпісаць пагадненне аб стварэнні супольнага корпуса хуткага рэагавання, паведамляе «Радыё Свабода».

Чакаецца, што дакумент у Люксембургу падпішуць міністры абароны Францыі, Нямеччыны, Бельгіі, Вялікай Брытаніі, Даніі, Нідэрландаў, Эстоніі, Гішпаніі і Партугаліі.

Пасля прыходу да ўлады новага ўрада Італія адступіла ад сваёй першапачатковай падтрымкі праекта, але Рым не выключыў будучага ўдзелу краіны ў ім.

У верасні мінулага года прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прапанаваў стварыць такое ўзброенае падраздзяленне падчас выступу ў Сарбоне з прамовай аб рэформе Еўразвязу.

Са слоў Макрона, агульнаеўрапейскія сілы змогуць узяць удзел у развязанні вострых крызісаў ва ўсім свеце. Чакаецца, што гэтая ініцыятыва будзе спрыяць супольнаму планаванню такіх мерапрыемстваў, як барацьба з наступствамі стыхійных бедстваў або эвакуацыя людзей з «гарачых месцаў».

Крыніца ва ўрадзе Францыі сказала, што ўдзел Вялікай Брытаніі ў праекце з'яўляецца ключавым, у тым ліку пасля выхаду краіны з ЕЗ.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг таксама знаходзіцца ў Люксембургу, каб узяць удзел у дыскусіях аб еўрапейскай бяспецы і абароне.

Апошнія навіны