FIFA расследуе жэсты швэйцарскіх футбалістаў пасля забітых мячоў
- 24.06.2018, 11:43
Швэйцарскія футбалісты святкавалі забітыя мячы, скрыжаваўшы рукі асаблівым чынам.
Дысцыплінарны камітэт Міжнароднай федэрацыі футбола адкрыў справу супраць швэйцарскіх футбалістаў Граніта Джакі і Джэрдана Шакіры за тое, як яны адсвяткавалі забітыя мячы ў матчы супраць Сербіі. Пра гэта паведамляе ВВС.
Сербія першай забіла ў матчы супраць Швэйцарыі, але затым Джака зраўняў лік, а на 90-й хвіліне Шакіры вывеў сваю каманду наперад. Швэйцарскія футбалісты святкавалі забітыя мячы, скрыжаваўшы рукі, што павінна было сімвалізаваць двухгаловага арла - герб Косава і Албаніі.
Джака і Шакіры - этнічныя албанцы з Косава. У канцы 1990-х косаўскія албанцы вялі барацьбу за незалежнасць супраць Сербіі, канфлікт скончыўся пасля ваеннай аперацыі NATO ў Косаве. У 2008 годзе была ўтвораная Рэспубліка Косава, якая не прызнаецца сербамі.
FIFA адкрыла дысцыплінарны разгляд супраць швэйцарцаў. Акрамя таго, арганізацыя распачала справу супраць сербскай Федэрацыі футбола за «палітычныя выказванні і абразлівыя паводзіны сербскіх фанатаў».
«Таксама папярэдняе расследаванне распачатае супраць трэнера сербскай нацыянальнай каманды, Млада Крстаіча, за заявы, зробленыя пасля матчу», - прыводзіць ВВС паведамленне FIFA. Невядома, пра якія выказванні Крстаіча ідзе гаворка. Пасля матчу са Швэйцарыяй ён раскрытыкаваў суддзю Феліка Брыха, які не прысудзіў пенальці ў браму швэйцарцаў. «Я не даў бы яму ні жоўтую, ні чырвоную картку, я б адправіў у Гаагу. Там яго б судзілі, як нас», - сказаў трэнер.
Сам Джэрдан Шакіра казаў, што святкаванне забітага мяча было «ўсяго толькі эмоцыяй». «Я вельмі рады, што забіў гэты гол. І нічога больш», - сказаў футбаліст.