BE RU EN

Родапачынальніку беларускага гульнявога бізнэсу пагражае банкруцтва

  • 22.06.2018, 18:10

Як прагуляліся ўладальнікі «самага надзейнага казіно Беларусі».

Услед за Olympic Casino гульнявы рынак Беларусі можа страціць яшчэ адзін вядомы брэнд, піша zautra.by.

У гэтым месяцы Эканамічны суд Менску пачаў вытворчасць паводле справы аб банкруцтве аднаго з родапачынальнікаў беларускага гульнявога бізнэсу - кампаніі «Нова-БР». Ёй належаць вядомыя казіно «У Адмірала».

Уладальнікі «самага надзейнага казіно Беларусі», як пазіцыянуецца брэнд на сайце кампаніі-аператара, самі звярнуліся ў суд з заявай на банкруцтва. Да гэтага прывялі запазычанні «Нова-БР». Паводле звестак Міністэрства падаткаў і збораў, кампанія лічыцца ў спісе неплацельшчыкаў бюджэту. У траўні ў СМІ праходзіла інфармацыя, што аператар казіно не разлічыўся і са сваімі супрацоўнікамі.

Паводле звестак сайта Адзінага дзяржаўнага рэестра звестак аб банкруцтве, з 13 чэрвеня на «Нова-БР» уведзены ахоўны перыяд. Ён будзе дзейнічаць да 1 жніўня гэтага года.

«Нова-БР» з'яўляецца адным з найстарэйшых удзельнікаў беларускага гульнявога бізнэсу. Кампанія была створаная ў 1993 годзе. Цяпер ёй належаць казіно «У Адмірала» і залі гульнявых аўтаматаў у гатэлях «Арбіта» (Менск) і «Турыст» (Гомель).

Як ужо паведамлялася, у 2016 годзе згарнуў сваю дзейнасць у Беларусі адзін з найбуйнейшых аператараў - эстонскі холдынг Olympic Entertainment Group (OEG).

На беларускім рынку холдынг OEG прысутнічаў з 2006 года і валодаў амаль дзясяткам казіно Olympic Casino і залаў гульнявых аўтаматаў.

«OEG сыходзіць з беларускага рынку азартных гульняў праз неэфектыўныя аперацыі, выкліканыя макраэканамічнай сітуацыяй і слабымі перспектывамі для павышэння рэнтабельнасці ў Беларусі», - паведаміла кіраўніцтва кампаніі аб прычынах згортвання аперацый у Беларусі.

Згодна Рэестру спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на ажыццяўленне дзейнасці ў сферы гульнявога бізнэсу, паводле стану на 1 чэрвеня 2018 года ліцэнзіі, якія даюць магчымасць працы на гэтым рынку, мелі 106 кампаній (на 1 чэрвеня 2018 году - 104). Сёлета дазволу на адкрыццё казіно, залаў гульнявых аўтаматаў і букмекерскіх кантор атрымалі пяць юрыдычных асоб. Установы размесцяцца ў Менску, Полацку, Берасці, Горадні і на аўтамагістралі М-1 у Дубровенскім раёне.

Апошнія навіны