BE RU EN

Жыхарка Гарадзенскай вобласці знайшла ў пачку з субпрадуктамі чалавечы палец

  • 22.06.2018, 15:10

Пакупніца адразу выклікала міліцыю.

Жудасную знаходку зрабіла жыхарка Гарадзенскай вобласці, калі адкрыла пачак з курынымі субпрадуктамі. Там яна знайшла чалавечы палец, а міліцыя ўжо адшукала яго меркаванага ўладальніка, піша tut.by.

Жанчына набыла набор курыных шыек, а 21 чэрвеня дастала іх з маразільніка і пакінула на кухні, каб прыгатаваць пазней. І неўзабаве жахнулася, калі ўнутры разгледзела нешта падобнае на чалавечы палец. Мясцовыя жыхары апублікавалі ў сацсетках здымак.

Пакупніца адразу выклікала міліцыю, і супрацоўнікі адшукалі мужчыну з такой траўмай. Паводле інфармацыі журналістаў, ім выявіўся супрацоўнік птушкафабрыкі ў Менскай вобласці, дзе ў канцы траўня і быў выпушчаны той пачак субпрадуктаў.

Ва УУС Менаблвыканкама пацвердзілі, што міліцыя разбіраецца ў абставінах гэтага выпадку:

«Ад жыхара Гарадзенскай вобласці паступіла паведамленне аб выяўленні ў пакунку з мясной прадукцыяй фалангі пальца. Прадукцыя вырабленая на адным з прадпрыемстваў Менскай вобласці. Праводзіцца праверка. Не выключаецца, што інцыдэнт меў месца ў выніку здарэння на вытворчасці», - паведамілі tut.by ў абласной управе ўнутраных спраў.

Мясцовыя жыхары абураныя і задаюцца пытаннем: якія захады распачне само прадпрыемства і кантрольныя службы. Паводле неафіцыйных звестак, у пацярпелага работніка фабрыкі адсутнічалі фалангі на некалькіх пальцах.

Апошнія навіны