На Кастрычніцкай адкрылася галерэя «Ў»
- 21.06.2018, 20:03
Галерэя пачне працаваць ужо заўтра, 22 чэрвеня а 19.00.
Сёння ў Менску адкрылася галерэя сучаснага мастацтва «Ў». У лістападзе 2017 года галерэя зачынілася ў раёне плошчы Перамогі і толькі цяпер аднаўляе працу. Новы адрас «Ў» - самая хіпстэрская вуліца сталіцы - Кастрычніцкая, 19, паведамляе tut.by.
Першапачаткова галерэю хацелі адкрыць у лютым, але рамонт зацягнуўся. Перанесліся і тэрміны адкрыцця бара, які, на першапачатковую задумку ўладальнікаў, павінен быў пачаць працаваць ужо летам.
Першае і самае прыкметнае адрозненне новай галерэі ад старой - памеры. На Незалежнасці, 37а выставачная плошча была блізу 150-170 «квадратаў». У новым памяшканні гэта каля 500 «квадратаў». Павялічылася і вышыня столяў - з трох да сямі метраў.
Акрамя гэтага, ёсць тут і прастора для камерцыйных мерапрыемстваў. Гэта 200 квадратных метраў для арэнды пад розныя праекты (канферэнцыі, трэнінгі).
Адкрываецца галерэя выставай «Без выключэнняў! У працэсе».
Дарэчы, прастору «старой галерэі «Ў» арандавалі амаль адразу і адкрылі там бар «Піцер» з канцэртнай пляцоўкай.
Для ўсіх мінчан і гасцей горада галерэя пачне працаваць ужо заўтра, 22 чэрвеня а 19.00. Адрас: вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вуліцы Леніна).