BE RU EN

Столтэнберг заклікаў краіны NATO аб'яднаць намаганні ў барацьбе з агрэсіяй РФ

  • 21.06.2018, 19:01

Генеральны сакратар NATO нагадаў, што РФ звярнулася да тактыкі запалохвання і дэманстрацыі ўласнай сілы суседзям.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг мяркуе, што агрэсія Расеі з'яўляецца адной з сучасных сусветных пагроз. Пра гэта кіраўнік Альянсу заявіў 21 чэрвеня падчас візіту ў Лондан, паведамляе gordonua.com са спасылкай на прэс-службу NATO.

«Мы сутыкаемся з самым непрадказальным асяроддзем бяспекі за пакаленне. Міжнародны тэрарызм, хуткае распаўсюджванне зброі масавага паражэння, кібератакі. І, вядома, больш напорыстая Расея», - адзначыў ён падчас візіту ў Лондан.

Столтэнберг таксама заклікаў кіраўнікоў краін - сябраў NATO аб'яднаць намаганні ў барацьбе з пералічанымі пагрозамі.

Генеральны сакратар нагадаў, што «краіна-агрэсар звярнулася да тактыкі запалохвання і дэманстрацыі ўласнай сілы суседзям».

«Незаконна анэксаваны Крым, дэстабілізаваная Усходняя Украіна, умяшанне ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, спроба забіць грамадзяніна Брытаніі і ягоную дачку ў Солсберы пры дапамозе хімічнай зброі. Гэта нашы агульныя праблемы, і ў нашых інтарэсах развязаць іх разам», - дадаў ён.

У чэрвені 2017 года кіраўнік вайсковага камітэта NATO генерал Пятро Павел паведаміў, што Расея павялічвае свой вайсковы патэнцыял практычна ва ўсіх франтах, таму NATO трэба быць напагатове, каб не дапусціць сцэнару анэксіі Крыма і ўварвання ва Усходнюю Украіну.

Апошнія навіны