Украіна прыняла закон, які набліжае ўступленне ў NATO
- 21.06.2018, 14:41
Законапраект аб нацыянальнай бяспецы падтрымалі 248 народных дэпутатаў Вярхоўнай Рады.
21 чэрвеня Вярхоўная Рада прыняла ў другім чытанні і агулам законапраект аб нацыянальнай бяспецы Украіны.
Законапраект №8068 падтрымалі 248 народных дэпутатаў, паведамляе gordonua.com.
Дакумент вызначае паўнамоцтвы дзяржаўных органаў у сферах нацбяспекі і абароны.
У акце паказана, што фундаментальнымі нацыянальнымі інтарэсамі Украіны з'яўляюцца інтэграцыя ў еўрапейскую прастору, сяброўства ў Еўрапейскім Звязе і NATO.
Дакумент прадугледжвае размежаванне пасад начальніка Генеральнага штаба і галоўнакамандуючага Узброеных сіл. Калі прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпіша законапраект, гэтая норма ўвойдзе ў дзеянне з 2021 года.
Згодна з законам, міністра абароны будзе прызначаць парламент з ліку грамадзянскіх асоб. Гэтая норма павінна ўвайсці ў дзеянне ўжо з наступнага года.
17 студзеня сябры РНБА падтрымалі праект закона «Аб нацыянальнай бяспецы Украіны». Сакратар РНБА Аляксандр Турчынаў заявіў, што закон павінен абагульніць і прывесці да адзінага назоўніка ўсе ўжо праведзеныя і запланаваныя рэформы сектара бяспекі, «а таксама аб'яднаць у сабе не толькі базавыя асновы нацыянальнай бяспекі, але і пытанні дэмакратычнага грамадзянскага кантролю і асновы планавання ў гэтых сферах» .
28 лютага прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўнёс у парламент законапраект №8068 «Аб нацыянальнай бяспецы Украіны».
5 красавіка Рада ўхваліла праект у першым чытанні.
19 чэрвеня дакумент падтрымаў парламенцкі камітэт у пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны. Да другога чытання прапанавалі ўнесці 427 зменаў.
20 чэрвеня на сесіі пачалі разглядаць папраўкі.