Вячаслаў Макараў: Расейцы перажылі ўсе «ўзрушэнні і перабудовы», таму не баяцца пенсійнай рэформы
- 21.06.2018, 10:57
Расейскі палітык патлумачыў неабходнасць павышэння пенсійнага ўзросту вайной, санкцыямі і абортамі.
Спікер Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Вячаслаў Макараў патлумачыў планы ўладаў павялічыць пенсійны ўзрост вонкавапалітычнымі чыннікамі. Пра гэта ён заявіў на брыфінгу 20 чэрвеня, паведаміла мясцовае выданне АБН.
Чыноўнік адзначыў, што Расея – "краіна ў вайне", якая жыве ў варунках эканамічных санкцый.
"Памянялася геапалітычная сітуацыя. Я ўжо не кажу пра эканамічную сітуацыю. У нас ёсць дэмаграфічныя праблемы. Ну, больш за 1 млн абортаў за год, гэта як? На такой тэрыторыі. Зразумела, што ў сувязі з гэтым наступаюць праблемы з працаздольным насельніцтвам. Але мы ўсё перажылі: войны, узрушэнні, перабудовы", – нагадаў Макараў.
Паводле ягоных словаў, цяпер неабходна знайсці правільныя словы, каб пераканаць насельніцтва ў неабходнасці пенсійнай рэформы.
14 чэрвеня 2018 года ўрад РФ ухваліў канчатковы варыянт законапраекта пра паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту з 2019 года. Узрост выхаду на пенсію для мужчынаў падымуць да 65 гадоў (да 2028 года), для жанчынаў – да 63 гадоў (да 2034 года).
Згодна з сацапытаннем даследчага холдынгу "Ромир", 92% расейцаў не ўхваляюць прапанаваную рэформу.
Расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны анансаваў на 1 ліпеня правядзенне пратэставых акцый у 20 гарадах. Урадавыя захады ён назваў "звычайным рабаўніцтвам некалькіх дзясяткаў мільёнаў чалавек".
Незалежныя прафзвязы РФ таксама разглядаюць магчымасць правядзення мітынгаў.
Паводле інфармацыі газеты "Ведамасці", у Крамлі гатовыя пайсці на змякчэнне рэформы ў выпадку масавых дэманстрацый.