Еўразвяз увёў у адказ падаткі на амерыканскія тавары
- 20.06.2018, 14:08
Спіс ахоплівае прадукцыю на суму 2,8 мільярда еўра.
Еўракамісія прыняла рэгламент, які ўводзіць у дзеянне захады ў адказ на падаткі ЗША на сталь і алюміній.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Еўракамісіі.
«Захады ахопліваюць пералік прадукцыі на агульную суму 2,8 мільярда еўра і стануць ужывацца з 22 чэрвеня», - гаворыцца ў паведамленні.
Пералік тавараў, які апублікавала Еўракамісія, уключае прадукцыю са сталі і алюмінію, сельскагаспадарчую прадукцыю і іншыя тыпы прадукцыі. Прынамсі, падаткам сумай 25% будуць абкладзеныя такія тавары, як матацыклы з аб'ёмам цыліндру больш за 500 см3, спартовыя, маторныя, судны для падарожжаў, джынсы, віскі, цыгары і цыгарэты, салодкая кукуруза і іншыя.
У ЕК падкрэслілі, што пры ўвядзенні падаткаў ЕЗ выкарыстоўвае свае правы ў рамках Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
«Мы не хацелі апынуцца ў гэтай пазіцыі. Аднак аднабаковая і неапраўданая пастанова ЗША аб устанаўленні тарыфаў на сталь і алюміній для ЕЗ азначае, што ў нас не застаецца іншага выбару. Правілы міжнароднага гандлю, якія мы распрацавалі цягам многіх гадоў бок аб бок з нашымі амерыканскімі партнёрамі, не могуць быць парушаныя без рэакцыі з нашага боку. Наш адказ суразмерны, прапарцыйны і цалкам адпавядае правілам СГА. Зразумела, калі ЗША скасуюць свае тарыфы, нашы мерапрыемствы таксама будуць скасаваныя», - заявіла еўракамісар у пытаннях гандлю Сесілія Мальмстрэм.
Нагадаем, Еўракамісія абнавіла Статут аб блакаванні, які забараняе асобам ЕЗ прытрымлівацца экстэрытарыяльных санкцый ЗША, дазваляе кампаніям кампенсаваць страты, прычыненыя такімі санкцыямі, і касуе дзеянне ў ЕЗ усіх пастаноў замежных судоў на іх аснове.
У сакавіку адміністрацыя Трампа ўвяла падаткі сумай 25% на сталь і 10% на алюміній у дачыненні да Кітая, Расеі і Японіі. Для ЕЗ, Канады, Мексікі, Бразіліі, Аўстраліі і Аргенціны ўвядзенне дадатковых падаткаў часова адклалі. Але цяпер яны пачалі дзейнічаць з 1 чэрвеня.
У адказ на дзеянні ЗША Еўрапейскі Звяз заявіў, што ўвядзе дадатковыя падаткі і прадоўжыць справу ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі для абароны сваіх інтарэсаў.