BE RU EN

Лукашэнка: Днямі пачуеце новыя факты. Яны ўжо сядзяць у СІЗА

  • 2.06.2018, 13:06

Дыктатар паведаміў пра новыя арышты чыноўнікаў.

Аляксандр Лукашэнка сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, пракаментаваў затрыманне памочніка - інспектара Гарадзенскай вобласці Сяргея Раўнейкі, паведамляе БелТА.

- Ён трапіў у поле зроку больш за паўтары гады таму. Скажу шчыра, тут як раз перш за ўсё спрацавалі дэкларацыі аб даходах. Калі вывучэнне ішло кадравае, я задаў пытанне, адкуль такая раскоша: аўтамабілі да дзясятка, кватэры да дзясятка. Не можа звычайны чыноўнік і ягоная сям'я так жыць, - сказаў Лукашэнка. - Але падазрэнне падазрэннем, нейкія былі факты. Мы бачылі, што, размаўляе з бізнэсоўцамі, як паніч. Некаторыя бізнэсоўцы звязаны з чыноўнікамі, так чыноўнік нешта ім робіць. А гэты, дапусцім, каб у Гарадзенскай вобласці тытунём гандлявалі, кажа: вы мне плаціце за гэта. Паводзіў сябе як злачынец, самы сапраўдны бандыт. Гэта мяне здзівіла.

Лукашэнка таксама анансаваў новыя гучныя карупцыйныя выкрыцці.

- Днямі вы пачуеце яшчэ новыя факты. Яны ўжо сядзяць там - у следчым ізалятары. Проста цяпер матэрыялы рыхтуем для таго, каб вам паведаміць, а вы грамадскасць пазнаёміліся з гэтым, - заявіў беларускі кіраўнік. - Я ж папярэдзіў: глядзіце, што даравання не будзе нікому. Асабліва тым, хто носіць цяжкія пагоны. Асабліва той, хто памочнік прэзідэнта. Тыя, хто побач, тыя адкажуць больш, чым хто-небудзь.

Памочніка Лукашэнкі - інспектара Гарадзенскай вобласці Сяргея Раўнейку ўзялі з довадамі злачынства падчас вымагання і атрымання хабару сумаю 200 000 даляраў ЗША, паведаміла прэс-служба КДБ.

У дачыненні да Раўнейкі КДБ распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 430 КК Беларусі, санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў.

Падазраваны змешчаны ў СІЗА КДБ і дае прызнальныя паказанні.

Сяргей Раўнейка быў прызначаны на пасаду памочніка Лукашэнкі - галоўнага інспектара Гарадзенскай вобласці 25 чэрвеня 2015 года. Да прызначэння памочнікам Сяргей Васільевіч Раўнейка займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю за працай галін матэрыяльнай вытворчасці КДК Беларусі.

Апошнія навіны