BE RU EN

РФ - лідар у Еўропе па колькасці стралковай зброі ў грамадзян

  • 18.06.2018, 21:17

У Расеі ў прыватных руках больш за 17 мільёнаў адзінак зброі.

У прыватнай уласнасці расейскіх грамадзянскіх асоб знаходзяцца 17,6 мільёна адзінак малакалібернай стралковай зброі (пераважна стрэльбы і пісталеты). Гэта самы высокі паказчык сярод еўрапейскіх краін і пятае месца ў свеце. Такія звесткі апублікаваны 18 чэрвеня даследчым цэнтрам Small Arms Survey ў Жэневе, паведамляе «Радыё Свабода».

На другім месцы па гэтым паказчыку ў Еўропе (і на восьмым - у свеце) знаходзіцца Нямеччына - 15,8 мільёнаў адзінак зброі ў прыватным валоданні. Сусветным лідарам па колькасці стралковай зброі ў грамадзян з'яўляецца ЗША - 393,3 мільёна адзінак. Следам ідуць Індыя, Кітай, Пакістан і Расея.

У ЗША на 100 чалавек прыпадае 120 адзінак зброі, у Емене 53, Чарнагорыі і Сербіі па 39, Канадзе 35, Нямеччыне 20, Расеі 12.

Паводле звестак Small Arms Survey, 85 адсоткаў усёй малакалібернай зброі ў свеце знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, гэта 857 мільёнаў адзінак. У той жа час у руках вайскоўцаў, паліцыянтаў і службаў бяспекі знаходзяцца ўсяго 156 мільёнаў адзінак такой зброі.

Паводле звестак жэнеўскага цэнтра, за апошнія дзесяць гадоў колькасць стралковай зброі ў прыватных руках павялічылася на 207 мільёнаў адзінак. Аўтары даследавання мяркуюць, што больш за ўсё гэтаму спрыялі амерыканцы, якія набылі за гэты час 122 мільёны адзінак зброі.

Апошнія навіны