«Засада» ля кавярні, або гісторыя аднаго затрымання
- 16.06.2018, 10:51
Не раз даводзілася чуць пра тое, што ў Беларусі каля кавярняў любяць ладзіць варту патрульныя.
«Бобруйский курьер» апублікаваў аповед з «першых вуснаў» маладога бабруйчаніна, які апісвае свой досвед сутыкнення з праваахоўнікамі і знаходжанне ў ізалятары часовага ўтрымання:
«Неяк вяртаючыся дадому, я сустрэў ахоўнікаў парадку, якія запрасілі прайсці з імі ў аддзяленне міліцыі. Вось толькі за што?.. За тое, што я знаходжуся ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. “Выбачайце, але я не настолькі п'яны і магу спакойна дайсці да дому. Я не буяню і не крычу”, – сказаў я ім.
Аднак эфекту гэта не зрабіла.
Мы прыйшлі ў аддзяленне, там на мяне склалі пратакол. Людзей было вельмі шмат – быў канец працоўнага тыдня. Я не бачыў, каб хто-небудзь там ляжаў ці вёў сябе неадэкватна. Некаторым пашчасціла заплаціць штраф на месцы і выйсці. Я ж сядзеў і чакаў. Гледзячы на “разумныя” твары ў пагонах, я разумеў, што гэтым людзям максімум, што можна даверыць – гэта ўзараць поле або агарод. А ім даверылі ўладу. Уладу!
Пратрымаўшы пяць гадзiнаў, мяне адвезлі ў ІЧУ. Дык што ж гэта атрымліваецца? Выпіўшы ў адведзеным для гэтага месцы, я выходжу на вуліцу і ўжо раблюся злосным парушальнікам закона?
У Расеі, не толькі ў Маскве, ніхто на цябе ўвагі не звяртае. Калі ты не буяніш, вядома. І я заўважыў, што там паліцыя зацікаўленая лавіць сапраўды злачынцаў, а не тых, хто ідзе з пахам алкаголю з вяселля або з кавярні. Я ўжо маўчу пра такія краіны, як Гішпанія, Італія, дзе кожны вечар па вуліцах з келіхамі розных кактэйляў ходзяць людзі.
Я ўяўляю твар якога-небудзь немца, які пераступіў парог нашага ізалятара...
Далей хочацца звярнуць увагу на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ. Да канваіраў, якія там працуюць, у прынцыпе ніякіх пытанняў. Яны як ахоўнікі ў крамах: адчынілі – зачынілі дзверы. А вось што тычыцца стану камераў, то слова “жахлівы” – вельмі мяккае. Тым, хто чытаў “Архіпелаг ГУЛАГ”, будзе з чым параўнаць сённяшнія ўмовы – з тым “нялёгкім” часам.
Па-першае, сцены камераў зробленыя такім чынам, каб прыгнятаць псіхіку. А калі нехта ўпадзе, страціўшы прытомнасць, то так званая “футра” мала пакідае шанцаў выжыць, калі аб яе стукнуцца.
Па-другое, матрац і падушка гумовыя. Па-трэцяе, прыбіральня ўяўляе з сябе вядро з вечкам. Туды ходзяць пры маленькай і вялікай патрэбе. Яно стаіць у куце камеры. І ў гэтых умовах павінен знаходзіцца чалавек, які выпіў у кавярні нейкую колькасць піва і які, вяртаючыся дадому, быў затрыманы нашай міліцыяй...
Праваахоўнікі, мабыць, думаюць, што такім чынам яны пазбавілі грамадства ад злачыннага элемента. Калі я расказваю гэта сябрам з іншых краінаў, то яны проста не вераць і смяюцца. Колькі будзе яшчэ доўжыцца варта патрульных каля кавярняў і начных клубаў?..»
Гэта значыць – колькі будзе доўжыцца гэтае беззаконне? – дадамо мы ад сябе.